І сняцца сны аб Беларусі…


У гэтым годзе адзначаецца 135‑годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. Напэўна, няма нічога больш цікавага, чым прасачыць, як ствараўся літаратурны шэдэўр і пабываць у творчай майстэрні паэта. Усё гэта можна зрабіць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ён размешчаны там, дзе знаходзіўся дом, у якім тварыў вялікі пясняр.

Мяне сустракаюць галоў­ны захавальнік фон­даў Надзея Саевіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-фондавай работы Марына Плаўская і навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела Інга Цераховіч. Мы накіроўваемся ў вандроўку па жыццёвым і творчым шляху паэта.

— Зірніце на экземпляр зборніка «Шляхам жыцця», які выйшаў 1908 годзе у Пецярбурзе. Каштаваў 50 капеек. У музеі захоўваюцца асобнікі першага, другога і трэцяга выданняў зборніка і карэктура да іх. Гэта адзіная кніга паэта, якая захавалася ў рукапісным варыянце, — распавядае Інга Цераховіч. І ўдакладняе, што зборнік быў выдадзены на сродкі доктара пецярбургскай лякарні, беларуса па паходжанні Аляксандра Ярэміча.

Наклад зборніка склаў тры тысячы экземпляраў. У музеі захоўваецца яго рукапісны варыянт, перададзены жонкай паэта Уладзіславай Францаўнай. Бачна, як Купала працаваў над творамі. Правак рабіў няшмат, почырк меў роўны, прыгожа выводзіў літары пяром. І ўважліва сачыў за тым, якія ілюстрацыі падабраць да новай кнігі.

У Пецярбурзе паэт жыў на кватэры ў Браніслава Эпімах-Шыпілы, наведваў тэатры, бібліятэкі, музеі, вечарыны і сябраваў з пецярбургскай інтэлігенцыяй. Дарэчы, гэты горад Янка Купала не любіў, лічыў яго шэрым і нецікавым. Мабыць, таму ніводнага верша пра Пецярбург не напісаў. Паэта цікавілі ідэі незалежнасці роднага краю, ён адлюстроўваў іх у сваіх творах.

Бачу ў музеі адноўлены пакой кватэры Браніслава Эпімах-Шыпілы ў Пецярбурзе, у якім жыў малады Янка Купала. Сярод экспанатаў — арыгінальная ваконная рама з той кватэры. У музеі захоўваюцца тры прыжыццёвыя партрэты Купалы, напісаныя вядомым рускім мастаком Дзмітрыем Полазавым.

У 1920‑я гады мастак Дзмітрый Полазаў быў суседам Янкі Купалы, яны часта сустракаліся, разам выязджалі ў навуковыя экспедыцыі. Адзін з гэтых партрэтаў і быў напісаны падчас такой экспедыцыі. Партрэты мастак захоўваў у асабістай калекцыі. Нават у час блакады Ленінграда, калі мог прадаць каштоўнасці, галадаў, але пакінуў іх пры сабе. Толькі ў 1950‑я гады жонка Купалы звязалася з мастаком, і Дзмітрый Полазаў перадаў гэтыя партрэты музею.

Надзея Саевіч расказала, што ў 1916–1917 гадах Янка Купала служыў у чыгуначных войсках у Варшаўскай акрузе шляхоў зносін, што абслугоўвала чыгуначныя лініі Віленскай ваеннай акругі. За некалькі кіламетраў ад Полацка на невялікай станцыі Баравуха‑1 выконвала задачы група дарожна-будаўнічых рабочых. Яе камандзірам быў афіцэр Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Праз шмат год Мікалай Шыманка, які тады працаваў лесарубам, убачыў партрэт паэта ў вайсковай форме і пазнаў у ім свайго былога камандзіра: «Галоўным заданнем нашай каманды быў павал хвойніку, прыдатнага для падрыхтоўкі шпал. Працай шпалацёсаў кіраваў афіцэр, які жыў у Баравусе. Ён кожны дзень з’яўляўся на нашай дзялянцы. Малады, з акуратнымі вусікамі, апрануты ў афіцэрскую зялёнага колеру форму. Усе шпалацёсы і лесарубы ў размовах паміж сабой вельмі добра адгукаліся пра гэта афіцэра. Што падабалася — ён ніколі не крычаў на людзей,

а наадварот, уважліва выслухаўшы, спакойна па­казваў, як выправіць недахопы або брак у працы.

Часта падыходзіў ён да простых рабочых звяна і цікавіўся ў кожнага: адкуль родам, ці сыты, абуты, папярэджваў пра асцярожнасць пры лесапавале…».

Марына Плаўская адзначае, што пра Купалу як пра надзвычай прыцягальнага і дабразычлівага чалавека расказвалі многія, хто сустракаўся з ім. Гаварыў мала і скупа, ажыўленую размову падтрымліваў хіба што ў коле прыемных яму людзей, калі быў у асабліва добрым настроі. Паэтычная моладзь таго часу гарнулася да Купалы, дзверы яго гасціннага дома не паспявалі зачыняцца за шматлікімі наведвальнікамі. Ён ведаў у твар усіх, каму ўжо удалося напісаць дзясятак прыстойных радкоў, заўсёды прыветліва вітаўся, запрашаў да сябе, дарыў кнігі, вадзіў аглядаць сад… Пры сустрэчы ён усміхаўся, гаварыў два-тры звычайныя словы, а здавалася, што пачуў ты нешта асабліва важнае.

Жонка Купалы, Уладзіслава Францаўна, або, як яе называлі, Купаліха, адыгрывала ў жыцці мужа вялікую ролю. Яна, па ўспамінах сучаснікаў, як вышкалены ад’ютант, заўсёды была каля мужа, калі гэта было патрэбна. Калі ж у яе прысутнасці не было неабходнасці, яе, бывала, і не бачылі. Купала ўсім дзяліўся з жонкай і без яе парады стараўся нічога не рабіць.

Цікавая старонка жыцця песняра звязана з першым аўтамабілем, які ўрад краіны перадаў Янку Купалу ў 1935 годзе. Гэта быў ГАЗ М‑1 — адзін з першых у Мінску аўтамабіляў (другі падарылі Якубу Коласу).

Купала ездзіў з шафёрам, бо ніяк не знаходзіў часу, каб здаць экзамены і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. У 1939 годзе аўтамабіль забралі на патрэбы ваенных, а песнярам падарылі больш шыкоўныя «Шэўрале». Зараз машына Янкі Купалы захоўваецца ў філіяле музея «Ляўкі», дзе была яго дача. У музеі можна ўбачыць гадзіннік з «Шэўрале». На гэтай машыне Купала выехаў з палаючага Мінску, прыехаў на дачу, а потым накіраваўся ў эвакуацыю. Спачатку — у Маскву, потым — у Татарскую АССР.

Паколькі ў час вайны дом Янкі Купалы згарэў, яго асабістых рэчаў засталося мала: паліто, валёнкі, прыбор для галення, чамадан, скрынка для махоркі, якую паэту падарылі ў Татарстане.

Захоўваецца ў музеі і камень, які Купала знайшоў на беразе Волгі. Пясняр вельмі любіў камяні і калі бываў на моры, збіраў іх і прывозіў дадому. Янка Купала называў сваю калекцыю «Маё маленькае мора». Калі яму было сумна, падыходзіў да камянёў, трымаў іх у руках, і тады яму станавілася лягчэй і весялей.

Супрацоўніцы музея адзначаюць, што камяні ў жыцці Купалы мелі асаблівае значэнне. Нават калі Янка Купала прыязджаў у Акопы да маці, уставаў да ўсходу сонца і ішоў праз лес да вялікага валуна. Ля гэтага каменя за адзін дзень ён мог напісаць 200–300 радкоў, і потым нічога не прыходзілася правіць: вершы выходзілі лёгкія, дасканалыя…

Ён не любіў, калі хтосьці яго турбаваў у такія хвіліны. Калі прыходзіла натхненне, яму трэба было пабыць аднаму. А ў жыцці паэт не любіў быць адзін, у яго хаце збіраліся сябры, ён часта падвозіў вясковых жыхароў на машыне, ахвотна размаўляў з імі.

Янка Купала любіў прыгожа і элегантна апранацца. Хадзіў з кіёчкам, лічыў, што гэта прызнак шляхетнасці. У яго была нават калекцыя розных кійкоў. Яму часта дарылі такія рэчы сябры і прыхільнікі яго творчасці. Яго скураны чамадан са зграбнымі заклёпкамі і зараз выглядае модна.

На пачцы цыгарэт «Ява» можна ўбачыць апошні варыянт недапісанай балады Янкі Купалы «Дзевяць асінавых колляў». Ён пісаў на ўсім, што трапляла пад руку, калі не было побач паперы.

У музеі ў кабінеце Янкі Купалы захоўваюцца аўтэнтычныя рэчы перыяду, калі паэт жыў у Мінску. У запісе 1930‑х гадоў гучыць голас песняра, калі ён чытае верш «Песня будаўніцтву». Галаграфічная праекцыя постаці паэта нібы вяртае нас у час, калі ён быў жывы… Так хочацца звярнуцца да творцы і пачуць яго шчырыя і цёплыя словы ў адказ, але немагчыма…

Купалу вызвалі ўрадавай тэлеграмай з Татарстана ў Маскву на святкаванне яго юбілею. А потым… нам відаць ужо не даведацца, што адбылося 28 чэрвеня 1942 года: няшчасны выпадак, самазабойства альбо забойства… У музеі захоўваюцца рэчы з гасцініцы «Масква», дзе спыняўся Купала.

Калі бачыш дзверы ў пакой пад нумарам 414, ручкі, да якіх дакранаўся паэт у свой апошні дзень, — адчуваеш жах і смутак ад таго, што нельга нічога змяніць…

Пастамент, у якім на працягу 20 год захоўвалася ўрна з прахам Янкі Купалы, перавезлі ў музей з Ваганькаўскіх могілак, што ў Маскве, а ўрну з прахам пахавалі ў Мінску на Вайсковых могілках. Так здзейснілася мара песняра вярнуцца на Беларусь, няхай і пасля смерці…

Як вядома, першым дырэктарам музея была жонка паэта Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Яна перадала шмат рэчаў паэта, заказвала карціны мастакам, збірала ўспаміны аб творцы, звязвалася з рознымі грамадскімі дзеячамі і творцамі, каб захаваць спадчыну паэта.

Жыхары Мінска, калі даведаліся, што ствараецца музей Купалы, перадавалі ў дар рэчы. Кабінет паэта і гасцёўня аднаўляліся па фотаздымках, успамінах, апісаннях людзей, якія ведалі Янку Купалу, прыходзілі да яго ў госці. Супрацоўнікі музея падтрымліваюць сувязі з нашчадкамі паэта і яго сяброў, паслядоўнікаў, родных, якія працягваюць перадаваць у музей рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю песняра. Так, пяць год таму нечакана знайшліся арыгінальныя фотаздымкі Купалы, падораныя Аляксею Новікаву-Прыбою. Яны былі перададзены ў музей яго дачкой Ірынай Новікавай. А нядаўна ў музей быў перададзены раней невядомы партрэт Янкі Купалы мастака Івана Паўлава старшынёй грамадскай арганізацыі «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі» Сяргеем Кандыбовічам.

Супрацоўнікі музея заўсёды рады любой находцы, звязанай з песняром, і вераць у шчаслівы выпадак: раптам знойдзецца той, хто перадасць у дар рэчы альбо дакументы, звязаныя з жыццём паэта. Яны, як кавалачкі шкла, складуцца ў новую, невядомую дагэтуль карціну ў калейдаскопе жыцця паэта.

Наталля Пахамовіч, фота аўтара