Запрашаем да ўдзелу

Лепшыя работы ўдзельнікаў конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі» — 2017» плануецца выдаць у зборніку, паведаміў на нарадзе членаў рэспубліканскага журы конкурсу старшыня Рэспубліканскага грамадска­га аб’яднання «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў. На думку старшыні, лепшыя публікацыі, якія расказваюць аб розных баках жыцця Беларусі, папулярызуюць культурнае багацце краіны, традыцыі і каштоўнасці грамадства і сям’і, адлюстроўваюць праблемы сучаснай моладзі, дастойны быць уключаны ў кнігу, на старонках якой будуць прадстаўлены ўзоры публіцыстыкі XIX–XX стагоддзяў, а таксама сучаснікаў.

Конкурс праходзіць пяты раз і значна пашырыў свае маштабы. У конкурсе ў гэтым го­дзе ўдзельнічаюць маладыя людзі як ад 18 да 30 гадоў, так і ад 12 да 17 гадоў у намінацыі «Беларусь вачыма дзяцей».

Конкурс «Залатое пяро «Белай Русі» — 2017» аб’яўлены па намінацыях «Журналістыка XXI стагоддзя» — конкурс даследчых эсэ, якія змяшчаюць у сабе індывідуальныя ўражанні і меркаванні аўтара на тэму праблем і тэндэнцый развіцця сучасных СМІ, а таксама іх уплыву на светапогляд моладзі; «Беларусь вачыма дзяцей» — конкурс друкаваных матэрыялаў аб культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыне Беларусі; «Сямейны альбом» — конкурс мастацкай фатаграфіі, якая адлюстроўвае каштоўнасць сямейных традыцый і сувязі пакаленняў; «Твой погляд» — конкурс відэапраектаў, што асвятляюць праблемы падрастаючага пакалення беларусаў.

Цяпер праходзіць раённы этап конкурсу, які завершыцца 1 красавіка. Затым работы пераможцаў прымуць удзел у абласным туры. Пераможцы абласнога ўзроўню стануць вядомы да 5 мая. На рэспубліканскі этап конкурсу да 12 мая будуць адабраны работы-пераможцы абласнога тура. Конкурс «Залатое пяро «Белай Русі» накіраваны на развіццё інфармацыйна-асветнага напрамку работы аб’яднання і паглыбленне супрацоўніцтва з рэгіянальнымі і рэспубліканскімі СМІ, выяўленне таленавітай творчай моладзі, заахвочванне і стымуляванне грамадскай актыўнасці маладых прафесійных і непрафесійных журналістаў. З палажэннем конкурсу можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

БЕЛТА

513 views

Обсуждение закрыто.