Экскурсія на палігон


Ваенна-патрыятычнае выхаванне заўсёды было важным аспектам у выхаванні моладзі. З мэтай выхавання падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, прапаганды здаровага ладу жыцця і прафарыентацыі 25 сакавіка для вучняў 6‑х класаў беларускамоўнай гімназіі № 2 горада Барысава было арганізавана наведванне палявога лагера 1‑га зенітнага ракетнага дывізіёна 740‑й зенітнай ракетнай брыгады.

Экскурсію правёў для вучняў камандзір дывізіёна падпалкоўнік Аляксей Івашкевіч. Ён пазнаёміў гімназістаў з армейскім жыццём у палявых умовах, побытам вайскоўцаў, асаблівасцямі паўсядзённай службы. Затым юным гасцям паказалі аўтамат АКС‑74 і АКС‑74У. Хлопцы з цікавасцю распытвалі пра іх тактыка-тэхнічныя характарыстыкі. Усе жадаючыя змаглі паспрабаваць самастойна сабраць і разабраць аўтамат.

Вучні пабывалі на занятках па палявой вывучцы вайскоўцаў, па спецыяльнай, тэхнічнай і тактычнай падрыхтоўцы, на мерапрыемствах па маскіроўцы пазіцый у інжынерных адносінах.

Таксама вучні пазнаёміліся з ваеннай тэхнікай. Аляксей Аркадзьевіч расказаў аб прызначэнні кожнай баявой машыны і адказаў на ўсе пытанні дзяцей. Асаблівую цікавасць выклікалі баявыя машыны «Аса» і «Тор-М2». Дзецям дазволілі пасядзець у кожнай машыне і на некаторы час уявiць сябе сапраўднымі салдатамі.

Гімназісты пакідалі 227‑мы агульнавайсковы палігон поў­ныя ўражанняў і радасці.

Педагагічны калектыў гімназіі № 2 дзякуе камандзіру зенітнага ракетнага дывізіёна падпалкоўніку Аляксею Івашкевічу і намесніку камандзіра 740‑й зенітнай ракетнай брыгады па ідэалагічнай рабоце маёру Дзянісу Фадзееву за арганізацыю экскурсіі.

Кацярына Ракіцкая, г. Барысаў