Жыццёвінкі

Мы з табой адной крыві

Заўсёды з радасцю і хваляваннем ставілася да сваіх аднафамільцаў. Цікавілася, адкуль сам чалавек, яго бацькі, дзяды… І заўсёды высвятлялася, што яго карані — з той жа мясцовасці, адкуль родам і мае продкі. Гэта значыць, што, верагодней за ўсё, мы з ім — далёкая радня. Нехта з прапрапра… у нас агульны.

Што гэта так і ёсць, я ўпэўнілася зусім нядаўна. Была ў маім дзяцінстве дзяўчынка, з якой мы не тое каб надта сябравалі, але вельмі добра ставіліся адна да адной. Жылі на адной вуліцы, вучыліся ў паралельных класах і часта хадзілі разам у школу. А нярэдка і пасля школы гулялі разам. У нас з ёй было аднолькавае прозвішча. Але нашы бацькі лічылі сябе проста аднафамільцамі, хаця паходзілі з адной вёскі, у якой і сапраўды з такім прозвішчам — палова жыхароў.

І вось што высветлілася, калі я распачала складаць дрэва свайго роду. Па словах стрыечнага брата майго бацькі-нябожчыка, мой прадзед Павел быў адвакатам у Вільні (я думаю — прысяжны) і жаніўся два разы. У першым шлюбе яго жонка памерла падчас родаў, пакінуўшы хлопчыка Пятра. Яго забралі і выгадавалі бацькі памерлай жонкі. Потым Пётр стаў дзедам той самай маёй школьнай сяброўкі. Ну, а прадзед узяў шлюб у другі раз і меў у ім яшчэ багата дзяцей, сярод якіх нарадзіўся і мой будучы дзед Дзям’ян.

Я прыйшла ў захапленне: аказваецца, мы са школьнай сяброўкай — радня, і нават досыць блізкая. Траюрадныя сёстры па прадзеду! Але чаму нашы бацькі схавалі ад нас такую інфармацыю? Не ведалі?.. Хутчэй, не хацелі ведаць.

Часта так бывае, што мужчына, маючы другую сям’ю, не надта клапоціцца пра дзяцей ад былой жонкі. Вось і мой прадзед, на жаль, зусім не клапаціўся пра першага сына-сірату. А хлопчык, у сваю чаргу, не радніўся са зводнымі братамі і сёстрамі. Больш таго, калі прадзед памёр, яго падрослы першы сын заявіў свае правы як законны нашчадак і праз суд дабіўся прызнання іх. І напрыканцы XIX стагоддзя нашы продкі пабіліся пры перадзеле пра­дзедавай зямлі. З таго часу і не радніліся.

Праз 100 гадоў я вырашыла выправіць гэту памылку і патэлефанавала школьнай сяброўцы: «Слухай, а ты ведаеш, што мы з табою сёстры?!». Даведаўшыся пра ўсё, яна ўзрадавалася не менш за мяне: «Дык вось, аказваецца, чаму мяне ўвесь час цягнула да цябе!.. Аказваецца, мы з табой адной крыві — ты і я!». І наша сяброўства распачалося з новай сілай. Не, не сяброўства — радство.

Што для нас спадчына?

Неяк патэлефанавала мне адна знаёмая, Ніна, і ўсхвалявана расказала пра здарэнне… Выйшла яна ўранку са свайго пад’езда і бадзёрым крокам рушыла да аўтобуснага прыпынку. Быў панядзелак, пачатак тыдня, і ўсе яе думкі ўжо былі накіраваны на працу. І раптам жанчына бы спатыкнулася — ля сметнікавых бакаў, перапоўненых за выхадныя дні, стаялі… жывапісныя партрэты ў рамцы. З аднаго партрэта на Ніну глядзеў немалады мужчына ў белай кашулі, з доўгімі ўскудлачанымі валасамі і іранічным позіркам цёмных вачэй, а з другога — сталая сівая жанчына з ледзь прыкметнай усмешкай на тонкіх вуснах, у чырвонай святочнай кофце, паверх якой была накінута квяцістая вясковая хустка… Ніна пазнала людзей на партрэтах. Гэта быў мастак, які жыў у іх пад’ездзе некалькімі паверхамі вышэй за яе, і яго маці. Абаіх ужо не было на свеце. Маці мастака памерла некалькі гадоў таму, а сам ён — крыху больш за паўгода.

Ля партрэтаў ляжалі стосы кніжак, перацягнутыя матузкамі, побач груваздзілася мноства чорных цэлафанавых пакетаў, поўных ношанай вопраткі і нейкіх іншых рэчаў…

Ніна зразумела: кватэру мастака нашчадкі прадалі, а старыя, непатрэбныя рэчы выкінулі на сметнік. І разам з ношаным адзеннем, старой бялізнай, нецікавымі ім кнігамі выкінулі і жывапіс — аўтапартрэт і партрэт яго маці. Па-суседску Ніна ведала: у мастака была радня ва Украіне — сястра і два пляменнікі. Няўжо яны выкінулі на сметнік партрэты родных ім людзей — маці, бабулі, брата, дзядзькі, дарэчы, неблагога майстра?! Няўжо ўся каштоўнасць спадчыны для іх была заключана толькі ў тых грашах, якія яны атрымалі ад продажу кватэры?..

Гэта не ўкладвалася ў галаве. Ніна шукала ў думках апраўданне ўсяму. Магчыма, кватэру прадалі праз агенцтва, і яно само вызваліла яе ад мэблі і рэчаў… Магчыма, прадаваць маёмасць прыехалі дарослыя пляменнікі, а ў іх не было блізкіх, цёплых стасункаў з дзядзькам, і ягоныя мастацкія работы іх не хвалявалі… Магчыма, на вываз твораў мастацтва за мяжу патрэбен асаблівы дазвол, а ў пляменнікаў не было ні часу, ні жадання гэтым займацца… Упэўненая, што тут адбылася нейкая памылка, Ніна забрала партэты, аднесла іх да сябе ў кватэру і паставіла ў калідоры ля сценкі. Яна вырашыла знайсці тэлефон сястры мастака і патэлефанаваць ёй, паведаміць, якія каштоўнасці былі выкінуты яе дзецьмі на сметнік…

Прайшоў час. І ўжо я патэлефанавала Ніне, бо хацела даведацца, чым скончылася гісторыя з партрэтамі. Аказалася, нічым — ніхто з суседзяў не ведае нумар тэлефона сястры мастака. Але жанчына ўсё ж не губляе надзеі дазваніцца да яе ва Украіну…

Бедная, наіўная Ніна! Яна яшчэ працягвае верыць, што тая сапраўды нічога не ведае аб тым, што сталася з маёмасцю брата, і што, даведаўшыся, кіне ўсё і прыімчыць у Беларусь па мацярынскі і братавы партрэты, ды яшчэ ў такі няпросты час!..

Спадчына… Калі мы гаворым пра яе, то звычайна маем на ўвазе штосьці вельмі значнае, сімвалічнае — радзіму, бацькоўскую хату, родную мову… А наша спадчына складаецца са шматлікіх простых рэчаў, створаных і сабраных рукамі нашых дзядоў, бацькоў, іншых родных і блізкіх нам людзей. Гэта і старыя абразы ў дзедавай хаце… І сад, пасаджаны бацькам вакол дома… І ручнікі, што вышывала маці… І карціны, намаляваныя братам… І кнігі ў сямейнай шафе, якія збіраліся гадамі… І фотаальбомы з пажоўклымі фотаздымкамі людзей, многіх з якіх мы не ведаем па імені, але ведаем, што яны — наша радня… Каштоўнасць усяго гэтага для кожнага заключаецца ў тым, наколькі моцнай была і ёсць духоўная сувязь з роднымі людзьмі — з продкамі і з тымі, хто сёння побач.

Калі б брат сябраваў з сястрой з дзяцінства, калі б яны, стаўшы дарослымі, ездзілі б адзін да аднаго ў госці, калі б ў іх не выйшла спрэчкі з‑за матчынай кватэры, калі б сястра добра ведала творчасць брата і ганарылася яго талентам, — яна ніколі не выкінула б ягоныя творы на сметнік. Тым больш — яго аўтапартрэт і партрэт маці.

Сям’я за сталом

Неяк падумала, адкуль я ведаю столькі беларускіх песень? І чаму, як толькі пачую каторую на канцэрце ці па радыё, так душа шчыміць?.. А чула я іх у маленстве, калі збіралася вялікая радня на вяселлі, ці хрэсьбінах, ці праводзінах маладога хлопца ў войска. І не толькі чула, але і старанна, з ахвотай і радасцю спявала ў агульным хоры сваякоў за святочным сталом. Добрая была традыцыя ў нашых бацькоў і дзядоў — збірацца ўсім родам і быць разам і ў радасці, і ў горы. І падчас святаў разам спяваць. Мусіць, нішто так эмацыянальна не збліжае людзей, як агульная песня.

Перасялілася з вёскі ў горад не толькі мая радня — большасць землякоў, і пачалі згасаць старадаўнія традыцыі. Сёння мы ўсё менш і менш збіраемся разам са сваімі суродзічамі. Адышла ў нябыт абавязковая традыцыя праводзінаў усім родам хлопца ў войска. Вяселлі сталі не такімі шматлюднымі. Ужо не запрашаюць на іх стрыечных і траюрадных, а толькі самых блізкіх людзей. Апошнім часам маладыя нават і ад вяселляў адмаўляюцца: запішуцца ў загсе — і ў вясельнае падарожжа ад’язджаюць. Хрэсьбіны таксама святкуюць вузкім колам. Куды яшчэ радню не перасталі клікаць, дык гэта на пахаванне.

Не збіраецца род — разбураецца род. Таму і не радняцца сёння нават стрыечныя браты і сёстры, не ведаюць, што робіцца ў сем’ях, якія там радасці ці праблемы, не дапамагаюць адзін аднаму… Ды што там стрыечныя — дарослыя родныя браты і сёстры сёння не радняцца! Чаму апошнім часам гэта адбываецца ўсё часцей і часцей?.. На маю думку, такія «родныя-няродныя» людзі выраслі ў сем’ях, дзе не захоўвалі сямейныя традыцыі, не наладжвалі сямейных святаў, не збіраліся ў нядзелю за агульным сталом, не чыталі ўвечар уголас кніжку для ўсіх, не гулялі з дзецьмі ў настольныя гульні, не глядзелі разам, а потым не абмяркоўвалі кіно, і, канешне, ніколі не спявалі разам песень. Не было ў дзяцінстве тых шчаслівых або горкіх эмацыянальных момантаў, якіх моцна аб’ядноўваюць людзей, вучаць іх радавацца разам і разам суперажываць.

Вялікдзень — найвялікшае свята для ўсіх хрысціян. І гэта адно з тых нямногіх святаў, падчас якіх сёння яшчэ збіраецца за адным сталом уся сям’я. Добра, што ў нас засталася гэта традыцыя: на Вялікдзень паехаць да бацькоў у вёску ці наведаць з дзецьмі і ўнукамі гарадскіх бабулю і дзядулю. Пахрыстосавацца, павіншаваць са святам, пагуляць «у жачкі», паспрабаваць пасвянцонага велікоднага куліча, пасядзець за святочным сталом, ціха і спакойна пагаварыць… А як дзецям такія святы спадабаюцца! Якраз такія светлыя хвіліны, калі ўсе сямейнікі разам, дружныя і шчаслівыя, і застаюцца ў дзіцячай памяці і дзіцячай душы на ўсё жыццё. Не пазбаўляйце сваіх сямейнікаў такіх цудоўных, шчаслівых хвілін!

З Вялікаднем! Хрыстос Уваскрос!

Тамара Бунта, фота Галіны Панкінай i з сеткi Iнтэрнэт

369 views

Обсуждение закрыто.