Верасень і бабіна лета


Верасень — мой любімы месяц. Мабыць таму, што ў гэтым месяцы я з’явіўся на свет. Дарэчы, пра народжаных у верасні кажуць, што ў іх і думы, і нораў вераснёва-задуменныя, ціхмяна-філасофскія… У час восеньскага раўнадзенства і самаму хочацца жыць як мага больш роўна, прыгожа, гарманічна.осень бабье лето

Продкі казалі: прыйшоў верасень — супакоіў прыроду. Бо і лес радзей, і птушыны голас цішэй. Верасень чырвонае лета выпраўляе, восень залатую сустракае. Спрадвеку так і павялося: гэты месяц падводзіць вынікі года. Ён збірае ў жытніцу ўсё тое, што выгадавала летняе сонца, што дала селяніну цяжкая праца.

На верасень ніхто і не скардзіўся, бо ў гэты час настае для хлебароба невялічкі адпачынак. Гэта час жаданых сустрэч, кахання. Час багатых застолляў, вяселляў. Казалі, што верасень — вечар года: жнівень варыць, верасень да стала падае. У гэты час усялякае насенне «з коласа плыве». А яшчэ першы месяц восені птушак у дарогу прыспешвае.

З 14 верасня пачынаецца старое бабіна лета. Кожная старая дзеўка глыбока хавала ў душы гарчынку пра нязнодзенага любага, пралівала слёзы пра страчаную маладосць.

Беларусы любілі гэты месяц. Назіранні над матухнай-прыродай яны трапна перадавалі ў прымаўках і прыказках. Напрыклад: халодны верасень, ды сыты. Альбо: як настаў верасень, дык туман кожны дзень. Ці яшчэ: у верасні ліст на дрэве не трымаецца.

Часам першы месяц восені цёплы і сонечны, часам — халодны і даждлівы. Здараюцца раннія замаразкі, вялікія вятры. Але ж у верасні селяніна не хата грэе, а цэп на такавішчы. Сімвалізуе гэты месяц шчодры плён, багаты ўраджай, да якога ішлі праз цяжкую працу на працягу папярэдніх месяцаў.

Верасень прыбірае дрэвы ў дарагія аздабленні: бярэзнік — у золата, асіну — у чырвань, дубы — у медны ўбор… Вы мяркуеце, што яны змяняюць афарбоўку так проста? Не! Гэта яны прыстасоўваюцца, каб паўней засвоіць сонечную энергію: чырвонае, карычневае, пунсовае і фіялетавае лісце гэта робіць значна лепш, чым зялёнае.

Чым верасень сушэй і цяплей, тым лепшай будзе восень, тым пазней наступіць сапраўдная зіма. Дарэчы, позні адлёт птушак прадвяшчае цёплую восень і мяккую зіму. Позні лістапад папярэджвае пра суровую зіму, дрэнную вясну і неўраджай у наступным годзе.

Беларусы заўважалі, што вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. А калі ў верасні лісце на дрэвах моцна трымалася, чакалі позняй зімы, як і калі гэты месяц быў надзвычай сухі.

Мой любімы паэт Пятрусь Броўка напісаў у свой час:

Дзень першы восені.

А гэткі,

Што восень цяжка распазнаць.

Гараць, як летам,  ярка кветкі,

Сады зялёныя стаяць.

Ды між плывучай  павуціны

Яе настойлівасць  відна —

Загад свой піша на рабіне:

У чырвоных літарах яна.

А на ляшчынніку, бярозках,

На вербалоззі пры вадзе

Жаўтлявай фарбай  кропкі, коскі

Парасстаўляла дзе-нідзе…

Канстанцін Карнялюк, г. Віцебск