Сям’я без бацькі – што дом без даху


У многіх краінах свету ў трэцюю нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень бацькі. А пачалі адзначаць яго ў 1909 годзе ў ЗША пасля таго, як адна жанчына — Санора Смарт — звярнулася да ўладаў з прапановай заснаваць гэта свята. У прыклад яна прывяла свайго бацьку-удаўца, які адзін выгадаваў пяцярых дзяцей. Улады прапанову падтрымалі і заснавалі свята. У гэты дзень прынята наладжваць сямейныя ўрачыстасці і віншаваць сваіх татаў. Услед за ЗША Дзень бацькі сталі адзначаць Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Расія, Японія і іншыя краіны. Апошнім часам і ў Беларусі ў трэцяюю нядзелю чэрвеня праводзяцца ўрачыстасці, прысвечаныя Дню бацькі. Іх арганізоўваюць грамадскія арганізацыі, якія займаюцца праблемамі сям’і і дзяцінства.

Цукерка «ад зайчыка»

Ён называў мяне ласкава — «дзетка» — і калі мне было пяць гадоў, і калі пятнаццаць, і дваццаць пяць, і трыццаць тры… А потым Яго не стала. І тады, страціўшы блізкага, дарагога чалавека, я ўпершыню зразумела: людзі не паміраюць — яны адыходзяць. Таму што пасля я пачала часцей думаць пра Яго, раіцца з Ім у думках, часцей і часцей бачыць Яго ў сне… І ніколі гэтыя сны — пра нябожчыка! — не палохалі мяне, не нараджалі ў душы нейкіх нядобрых прадчуванняў, наадварот, я прачыналася са светлай радасцю на душы — з бацькам пабачылася!

Я заўсёды адчувала бацькаву любоў. І калі ён мяне, малую, садзіў да сябе на калені, цёплымі вуснамі цалаваў маю скроню, ласкава гладзіў па галоўцы і прыгаворваў у рыфму: «Мая Пятроўна — нікому не роўна!». І калі, прыехаўшы дадому на абед, даставаў з кішэні шафёрскай курткі, якая так смачна-салодка пахла бензінам, пернік або цукерку: «Гэта табе ад зайчыка — расці разумная!», і калі, вярнуўшыся з бацькоўскага сходу ў школе, з радасцю крычаў з парога маці: «А наша — лепшая за ўсіх!». Пасля такіх слоў хацелася ажно са скуры вылузацца, каб і сапраўды быць лепшай за ўсіх — вучыцца яшчэ лепш, паводзіць сябе яшчэ лепш, каб часцей чуць словы бацькавай пахвалы, бачыць радасць у ягоных вачах, адчуваць ягоны гонар за мяне, дачку.

І сёння, калі я сустракаю на вуліцы, у парку, у транспарце расхрыстаных, неахайна прычасаных і размаляваных дзяўчат з цыгарэтай у зубах або бутэлькай піва ў руках (а часам і на добрым падпітку), якія непрыгожа паводзяць сябе, брыдкасловяць, чапляюцца да людзей, узнікае адно-адзінае пытанне: «Няўжо вашы таты дазваляюць вам так апранацца і так сябе паводзіць?». Хаця адразу ведаю адказ — менавіта бацькі ў кожнай з гэтых дзяўчат няма або гэта спіты, нікчэмны, слабы ці, нааадварот, разбэшчаны і грубы чалавек, які толькі па факту роднасці носіць высокае званне бацькі.

На маю думку, дзяўчынку больш выхоўвае бацька, чым маці. Менавіта бацькавы адносіны да дачкі — з пяшчотай і любоўю або з непрыязнасцю і пагардай — уплываюць на тое, якой жанчынай стане яна праз гады: упэўненай і самадастатковай або прыніжанай і няшчаснай. Таму што заўсёды на яе адносінах з прадстаўнікамі супрацьлеглага полу — аднакласнікамі, аднакурснікамі, калегамі, кавалерамі і, безумоўна, з мужам — будзе адбівацца падсвядомы ўспамін пра тое, як у дзяцінстве да яе ставіўся бацька.

Сям’я без бацькі — што дом без даху

Але чаму гэта я ўсё пра ролю бацькі ў выхаванні дачок? Сынам ён патрэбен не менш, а, бадай што, нават больш. Мужчынскі характар, мужчынскую годнасць, мужнасць, згуртаванасць, высакароднасць у хлопчыкаў выхоўвае перш за ўсё бацька, бацькаў аўтарытэт, бацькаў прыклад і, калі хочаце, цвёрдая бацькава рука.

Неяк выпадкова я стала сведкай адной бытавой сцэны. У нашым двары насустрач мне ішлі два мужчыны — абодва прыземістыя і вельмі падобныя адзін да аднаго. Бацька і сын-юнак. Старэйшы нешта спытаў, маладзейшы незадаволена буркнуў у адказ. Тут бацька, не сказаўшы ні слова, даў сыну па карку. Хлопец адразу адказаў больш ветліва. Мужчыны як ішлі побач, так і пайшлі далей, быццам нічога не адбылося.

Сцэнка і рассмяшыла, і ўразіла мяне: даў бацька па карку неслуху, як некалі давалі лыжкай па лбе, і паставіў хлопца на належнае месца. І ніякім насіллем тут не пахне. Ці не так трэба ўтаймоўваць тых самых цяжкіх, разбэшчаных падлеткаў, на якіх сёння столькі нараканняў? Але ж хто іх будзе ўтаймоўваць, калі цяпер амаль кожная другая сям’я — без бацькі? Маці, знясіленная ад дзвюх работ, знерваваная адзінотай, безграшоўем, бытавымі цяжкасцямі, хатняй гаспадаркай, дзе так не хапае мужчынскіх рук? І як яна будзе выхоўваць — павучаннямі, папрокамі, крыкам, слязамі? Хіба толькі інспектар па справах няпоўналетніх…

Ведаю сям’ю, у якой менавіта так дзеці і «выхоўваліся». Калі іх бацькі раптам надумалі разводзіцца, хлопцы-пагодкі толькі-толькі ўваходзілі ў падлеткавы ўзрост. «Што вы робіце, адумайцеся! — ахалоджвалі сваякі і сябры. — У вас жа дзеці!» — «Ат, няхай ідзе, і без яго пражывём! — ганарліва адказвала жанчына. — Хлопцы ў мяне добрыя. Адна выгадую!..» Так, выгадавала. Абодва сыны пасля разводу бацькоў стаялі на ўліку ў міліцыі, абодва, па чарзе, патрапілі ў калонію, абодва засталіся без вышэйшай адукацыі, абодва на сёння не маюць добрай работы і сям’і. Жывуць пры мамцы бабылямі.

Не, сям’я без бацькі — што дом без даху, дрэва без вершаліны…

Такое простае шчасце

Мой маладзечанскі сусед будуе дом. Разам з сынам. Сказаў, што яму пакіне кватэру, а сам будзе жыць тут.

Кожныя выхадныя, прыязджаючы на сядзібу, што мне засталася ад бацькоў, бачу, як на ўчастку насупраць два мужчыны, сталы і малады, удвух рупліва працуюць на будоўлі. Разам, дружна, поплеч. Так гэта прыгожа! Нярэдка да будаўнікоў далучаецца яшчэ адзін сын, і тады праца проста віруе… Гляджу на іх і думаю: вось гэта, напэўна, і ёсць сапраўднае бацькоўскае шчасце — сыны працуюць побач з бацькам.

Што дзіўна, работы яны вядуць ужо каторы год (пачыналі з нулявога цыкла), і за гэты час я ніводнага разу не бачыла на ўчастку жанчын — ні старэйшую гаспадыню, ні нявестак. Яны не ўдзельнічаюць у будаўніцтве нават у якасці падсобнай сілы. На маё зацікаўленае «чаму?» сусед адказаў проста: «А навошта? Мы і самі спраўляемся».

А між тым сёння больш звычна, калі ў падобных сітуацыях жонка разам з мужам мяшае бетон, цягае на насілках цагліны, а на спіне — дошкі!.. А ўжо фарбаваць, клеіць шпалеры — дык такія работы даўно лічацца «чыста жаночымі». Вось і задзейнічаны многія жанчыны нароўні са сваімі мужамі на цяжкіх працах у той час, калі вялікаўзроставыя сыны-бэйбусы гуляюць у кампутарныя стралялкі…

Хаця звычайна, калі ў сям’і ёсць бацька, ды яшчэ разумны, працавіты, непітушчы, дык сын вырасце спраўны. Таму што няма лепшага выхавання для хлопчыка, чым штодзённы ўласны прыклад таты. А калі тата сышоў з сям’і ці яго наогул ніколі не было, то якія б правільныя кніжкі маці хлопчыку ні чытала, якія б размовы ні вяла, якія б прыклады ні прыводзіла, выгадаваць з сына моцнага, сапраўднага мужчыну ёй будзе цяжка. Хутчэй за ўсё, яна выгадуе добрага сына для сябе, чым добрага мужа і бацьку для яго будучай сям’і.

Дарэчы, я ведаю нямала прыкладаў, калі ў разумных, моцных, дзелавых, паважаных жанчын выраслі праблемныя сыны. Вось дочкі звычайна вырастаюць падобныя да маці — разумныя, упэўненыя, моцныя. Часам нават — занадта моцныя. Сыны ж у адзінокай маці моцнымі вырастаюць рэдка. І жывуць такія нямоцныя сыны пры сваіх моцных мамках да 35–40 гадоў, і мамкі пастаянна думаюць-шукаюць, да якой бы маладой жанчыны іх уладкаваць. А сынам уладкоўвацца самім — або страх, або лянота… І, вядома, сапраўднага шчасця ў іх жыцці няма. Задаволенасць ёсць, а шчасця — не!

Вось і зрабіла я выснову, назіраючы за суседзямі: калі хочаш шчасця для сына, захавай для яго бацьку. А калі хочаш шчасця для дачкі… таксама захавай для яе бацьку. І яшчэ захавай любоў і павагу да яго і напоўні гэтымі пачуццямі сэрцы сваіх дзяцей. Тады яны вырастуць спраўнымі і без усялякіх разумных размоў — на жывым прыкладзе поўнай, нармальнай, шчаслівай сям’і. І будзе ім шчасце!

Тамара Бунта