Рыцар яе вялікасці Кнігі


Багата на слаўныя імёны наша зямля, на рупліўцаў, якія дбалі не толькі пра сябе, а імкнуліся здзейсніць карыснае для ўсіх людзей, для чалавецтва. Праслаўлялі добрымі справамі не толькі сябе, але і сваю Радзіму, расказвалі пра яе ўсяму беламу свету.

Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі… Кожны — асоба, кожны — тытан духу. І кожны звязаны з кнігай.

Еўфрасіння Полацкая, асветніца, асабіста займалася перапісваннем кніг. Кірыла Тураўскі, таленавіты пісьменнік Старажытнай Русі, пакінуў багатую творчую спадчыну. Мікола Гусоўскі напісаў бессмяротную паэму «Песня пра зубра», Сымон Будны заснаваў у Нясвіжы друкарню, выдаў «Катэхізіс», Васіль Цяпінскі заснаваў друкарню ў Цяпіна, выдаў «Евангелле».

Але сёння мы асаблівым чынам успамінаем слаўнага сына Скарынавага з Полацка — Францыска, бо менавіта дзякуючы яго намаганням 500 год назад, 6 жніўня 1517 года, у Празе была надрукавана першая беларуская кніга.

Першапраходцы

Вынаходніцтва кнігадруку было сапраўдным прарывам у гісторыі развіцця чалавецтва. Пачатак еўрапейскага кнігадрукавання звязаны з імем ураджэнца нямецкага горада Майнца Ёгана Гутэнберга. Мяркуецца, што яшчэ ў пачатку 1440‑х гадоў ён зацікавіўся друкарскай справай. У 1450–1455 гадах Ёган надрукаваў на лацінскай мове Біблію, якая вядома зараз як Біблія Гутэнберга. Частка тыражу была надрукавана на пергаменце, частка — на паперы. Па прычыне фінансавых праблем Ёган Гутэнберг вымушаны быў саступіць колішняму паплечніку Ёгану Фусту ўласную маёмасць, у тым ліку і наклад знакамітай Бібліі. Памёр Гутэнберг 3 лютага 1468 года. Дзякуючы яго вынаходніцтвам друкарская справа стала імкліва пашырацца ў Еўропе, а ў хуткім часе — і ва ўсім свеце.

Ён вынайшаў друкарскі станок; распрацаваў еўрапейскую сістэму друку пры дапамозе рухомых літар; вынайшаў ручную словалітную прыладу, дапоўніўшы тэхналогію вырабу шрыфтоў; першым пачаў рабіць літары са сплаву свінцу, волава і сурмы, гэтыя кампаненты выкарыстоўваліся на працягу наступных 400 гадоў. Гэтыя вынаходніцтвы зрабілі друк кніг больш танным і хуткім працэсам.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў ХV cтагоддзя кнігадрукаванне пашырылася па ўсёй Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Напрыклад, у Венецыі ў той час дзейнічала каля 150 друкарняў. Большасць выданняў выходзіла невялікімі тыражамі — 100–300 асобнікаў. Друкаваная кніга каштавала разоў у пяць танней, чым рукапісная.

Кнігадрукаванне Чэхіі

Са славянскіх краін Чэхія першай распачала ўласнае кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная чэшская кніга была выпушчана ў Пльзені ў 1476 годзе. Кнігадрукаванне ў Празе пачалося крыху пазней: першым выданнем сталі сеймавыя пастановы 1478 года. У 1487 годзе быў выдадзены «Псалтыр». Тэматыка чэшскіх выданняў ХV cтагоддзя даволі разнастайная, большая частка мела свецкі характар, што сведчыла пра рознабаковасць чытацкіх інтарэсаў. Але ўжо ў першай чвэрці ХVI стагоддзя выданняў выйшла ў некалькі разоў больш, чым за ўсё папярэдняе стагоддзе. Чэхія мела ўжо і развітыя традыцыі перакладу Бібліі на нацыянальную мову. Менавіта на чэшскай зямлі святыя Кірыла і Мяфодзій займаліся стварэннем славянскай азбукі. Пазней з’явіліся і ўласна чэшскія пераклады асобных кніг Бібліі. Першая поўная чэшская Біблія была надрукавана ў Празе ў 1488 годзе. Ёсць падставы меркаваць, што найбольшы ўплыў на Францыска Скарыну зрабіла трэцяе выданне чэшскай Бібліі, якое выйшла ў свет у 1506 годзе ў Венецыі. Кніга была выдадзена на вялікіх аркушах, упрыгожана гравюрамі.

Відавочна, што выбар Скарынам Прагі для распачынання друкарскай справы не быў выпадковым: там ужо склаліся пэўныя друкарскія традыцыі, існавала развітая мастацкая традыцыя вырабу гравюр, працавала нямала друкарняў.

Жыццёвыя пуцявіны

А нарадзіўся будучы першадрукар і асветнік у сям’і заможнага купца Лукі Скарыны каля 1490 года. Бацька меў ва ўласнасці зямлю, паспяхова вёў гандлёвую справу. У далейшым гэта акалічнасць дазволіла даць дзецям добрую адукацыю.

Можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што першапачатковую адукацыю Францыск атрымаў у бернардзінскім манастыры, што дзейнічаў у Полацку з 1498 года, прадоўжыў яе ў кафедральнай школе ў Вільні.

Вядома, што працягваў адукацыю наш зямляк у Кракаўскім універсітэце на факультэце вольных мастацтваў, куды паступіў у 1504 годзе. На той час для нашых суайчыннікаў гэта быў самы блізкі і адносна даступны ўніверсітэт Еўропы. Праз некалькі год атрымаў званне бакалаўра свабодных навук. Званне давала яму права працаваць педагогам. Але працэс навучання прадоўжыўся. Праўда, дакладна зараз цяжка сказаць, дзе Скарына атрымаў грунтоўныя веды па медыцыне, якія дазволілі яму 9 лістапада 1512 года ў італьянскім горадзе Падуі бліскуча здаць экзамен на ступень доктара медыцыны. Так сын купца з Полацка здолеў даказаць, што здольнасці і талент важнейшыя за арыстакратычнае паходжанне. У зале славы Падуанскага ўніверсітэта сярод сарака найбольш вядомых выпускнікоў быў размешчаны партрэт нашага земляка.

Медыцынскія веды не раз саслужылі добрую службу Францыску Скарыне. Вядома, што ў розныя перыяды жыцця ён займаўся лекарскай справай. Верагодна, што медычныя здольнасці перадаліся і сыну Сімяону.

Цікава

Комплекс сямі вольных навук складаўся з дзвюх частак: трывіума (граматыка, логіка, рыторыка) і квадрывіума (музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія).

Мала звестак захавалася і пра перыяд працы ў якасці сакратара караля Дацыі. На гэты конт існуюць розныя меркаванні, але верагодней за ўсё, размова ідзе пра караля Даніі. Праца Скарыны ў дыпламатычных місіях і ў якасці каралеўскага сакратара сведчыць пра яго схільнасці да вывучэння замежных моў, пра добрае веданне лацінскай мовы як мовы міжнародных зносін. Вядома, што Скарына працаваў і ў якасці сакратара віленскага біскупа, а гэта пасада вымагала і веданне багаслоўя.

У 1529 годзе ў Познані памёр старэйшы брат Скарыны, Іван. Пасля яго смерці засталіся невырашанымі маёмасныя пытанні. Для іх вырашэння ў горад прыехаў Францыск. Здавалася, усе спрэчкі былі скончаны. Але праз пару гадоў варшаўскія крэдыторы прад’явілі прэтэнзіі Францыску Скарыне як спадчынніку брата. У 1532 годзе было прынята рашэнне затрымаць Скарыну і пазбавіць волі да пагашэння пазык. Спатрэбіўся асабісты ўдзел караля Жыгімонта І па яго ўказу Францыск Скарына быў вызвалены. Пазнейшым указам кароль засведчыў асабістую апеку над Скарынам і вызваліў ад любых будучых судовых прэтэнзій. У хуткім часе пасля гэтых падзей Скарына з’ехаў у Прагу. Кароль Фердынанд І запрасіў яго на працу да сябе ў якасці каралеўскага медыка і садоўніка. Праца садоўнікам мела плён: мяркуецца, што ў Празе Скарына заклаў італьянскі рэнесансны сад, які ў 1757 годзе быў перароблены ў парк французскага тыпу. Сёння побач са старажытным Каралеўскім садам усталяваны помнік нашаму земляку. Адкрыццё адбылося 30 лістапада 1996 года, аўтар — скульптар Эдуард Астаф’еў.

Менавіта ў Празе скончыўся жыццёвы шлях беларускага першадрукара. Дакладнай даты мы не ведаем, але адбылося гэта не пазней 29 студзеня 1552 года.

Справа жыцця

І ўсё ж самай вялікай і слыннай працай сталі для Францыска Скарыны пераклад і выданне кніг Бібліі для сваіх суайчыннікаў: людзей розных паводле сацыяльнага паходжання, месца жыхарства, прафесіі… Актыўная друкарская дзейнасць Скарыны ў Празе на працягу адносна кароткага перыяду сведчыць пра тое, што папярэдне была праведзена вялікая праца. На пераклад, падрыхтоўку да друку патрэбен час, і немалы. Дакладна зараз нельга сцвярджаць, калі пачалася праца над перакладам Бібліі.

Якімі крыніцамі карыстаўся перакладчык? Відавочна, гэта маглі быць ранейшыя рукапісныя пераклады на царкоўнаславянскую мову, у прыватнасці вынікі працы манахаў Вільні і Супрасля, чэшскае выданне Бібліі 1506 года, класічныя тэксты на старажытных мовах (грэчаскай, лацінскай, іўрыце).

Факт застаецца фактам — у 1517 годзе Францыск Скарына пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў у Празе пачаў друкаваць кірыліцай ілюстраваныя кнігі Бібліі. І першай пабачыла свет кніга «Псалтыр». Чаму яна — відавочна, таму, што «Псалтыр» з’яўляецца найбольш пашыранай і папулярнай кнігай сярод хрысціян.

На працягу двух наступных гадоў былі выдадзены яшчэ 22 кнігі Старога Запавету. Магчыма, выданняў было больш, проста яны не дайшлі да нашага часу. Пражскія выданні вылучаюцца прыгожым мастацкім афармленнем, невялікім фарматам, зручным і для хатняга карыстання.

Важна яшчэ усведамляць той факт, што выданне тэксту Бібліі з аўтарскімі каментарыямі свецкага чалавека было вельмі смелым для тых часоў. Да таго ж невядома, да якой канфесіі належыў першадрукар. Прамых сведчанняў няма, і таму мае права на жыццё меркаванне, што Скарына падтрымліваў ідэю агульнай для ўсіх царквы. Ён праявіў сябе як талерантны даследчык, які вывучаў розныя рэлігійныя традыцыі.

На якой жа мове выдаў кнігі Скарына? Вучоныя сышліся на тым, што першадрукар зрабіў беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы, але прадмовы, каментарыі, пасляслоўі Скарына напісаў па-беларуску. Для мовазнаўцаў гэта вельмі каштоўнае сведчанне, бо дзякуючы гэтаму былі зафіксаваны асноўныя рысы беларускай лексікі, марфалогіі, фанетыкі. Таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што Скарына стаяў ля вытокаў станаўлення беларускай літаратурнай мовы.

Беларускае кнігадрукаванне пачалося на высокім узроўні, выданні Скарыны вызначаліся майстэрствам набору, разнастайнасцю шрыфтоў, выкарыстаннем заставак, канцовак, ініцыялаў… Ён аздобіў кнігі гравюрамі. Дзякуючы гэтаму мы маем сёння партрэт друкара (ён быў змешчаны ў Кнізе Царстваў).

У прадмове да кнігі «Псалтыр» ёсць такія словы: «Я, Францішак, Скарынаў сын, з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, бачачы карысць ад такой малой кнігі, загадаў друкаваць Псалтыр рускімі словамі на славянскай мове — найперш дзеля ўшанавання і праслаўлення Бога… а затым дзеля ўсеагульнага дабра — перадусім таму, што міласцівы Бог пусціў мяне на свет з гэтага народа…».

Праз некалькі гадоў у Празе пачалася эпідэмія, і Францыск спешна пакінуў горад, выехаў на радзіму. Спыніўся ў Вільні, і ў доме бурмістра Якуба Бабіча заснаваў друкарню і прадоўжыў выдаваць кнігі. Менавіта ў Вільні выйшлі з друкарні «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525). На гэтым друкарская справа была спынена па прычыне розных неспрыяльных абставін. Прынамсі, даследчыкам нічога невядома пра выдавецкую дзейнасць пасля 1525 года. У Вільні Скарына стварыў сям’ю, тут нарадзіліся яго дзеці.

Францыск Скарына ўпісаў сваё імя ў вечнасць як першы беларускі і ўсходнеславянскі друкар, заснавальнік першай друкарні на тэрыторыі Усходняй Еўропы.

Неацэнны скарб

Францыск пакінуў пасля сябе багатую спадчыну. Здзейсненае Скарынам, яго спадчына уражвае, дае падставу шчыра захапляцца яго веліччу, глыбінёй і шырынёй зробленага.

Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх (каля пяцідзесяці) твораў у розных жанрах. Найбольш ён выявіў свае творчыя здольнасці пры напісанні прадмоў, казанняў і пасляслоўяў. Аўтарскія тэксты вызначаюцца публіцыстычнасцю, прытчава-алегарычным характарам, багаццем гістарычных, філасофскіх каментарыяў. Паэтычнасць, афарыстычнасць, эмацыянальная выразнасць сведчаць пра пісьменніцкі талент. Аўтар вядзе з чытачом дыялог, абгрунтаваны, дасціпны. Відавочна, Скарына лічыў друкаваную кнігу невычэрпнай крыніцай духоўнага ўзбагачэння людзей. І далейшая гісторыя чалавецтва падцвердзіла гэта. Менавіта кніга стала сродкам адукацыі і выхавання, праз друкаванае слова распаўсюджваліся сярод людзей новыя ідэі і адкрыцці.

Адна з найбольш папулярных прадмоў — да кнігі «Юдзіф», перакладзена на 70 моў свету.

Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць ў моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць. (Прадмова да кнігі «Юдзіф», пераклад Алеся Разанава.)

Ён быў першым айчынным пісьменнікам, які сваёй творчасцю служыў простаму паспалітаму люду. Як вялікі асветнік свайго часу ён заклікаў да гуманізму, апекаваўся ўнутраным светам чалавека. Скарыну можна небеспадстаўна лічыць першым беларускім паэтам, яго вершаваныя творы змяшчаліся ў прадмовах, у «Малой падарожнай кніжцы».

У сваіх творах аўтар выказаў сваё бачанне многіх так званых вечных пытанняў чалавецтва. Жыццё і смерць, каханне і нянавісць, здрада і вернасць…

Выказаныя асветнікам погляды і меркаванні застаюцца надзвычай актуальнымі і сёння — праз 500 год пасля іх з’яўлення.

Скарына і сучаснасць

У нашай краіне многае зроблена для ўшанавання памяці славутага земляка. Вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі — медаль Францыска Скарыны (1989) і ордэн Францыска Скарыны (1995).

Асоба Скарыны натхняе многіх творчых людзей, яго жыццёваму і творчаму шляху прысвечаны дакументальныя і мастацкія стужкі, музычныя творы. Постаць Скарыны адлюстравана ў многіх жывапісных, графічных і скульптурных работах.

У яго гонар пастаўлены помнікі. У Мінску іх тры: каля Нацыянальнай бібліятэкі, у скверы Янкі Купалы і ва ўнутраным дворыку БДУ. Стаяць помнікі слаўнаму асветніку ў Полацку, Вільні, Калінінградзе, Празе…

Яго імя носіць Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, асобныя установы адукацыі Беларусі. І нават малая планета № 3283 (1979 QA10) Сонечнай сістэмы.

У беларускіх гарадах ёсць вуліцы, якія носяць яго імя: Мінск, Полацк, Віцебск, Нясвіж, Слуцк, Орша…

Біяграфія Скарыны ўтрымоўвае яшчэ шмат таямніц, вывучэннем іх займаецца навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства.

Спадчына Францыска Скарыны налічвае 25 кніг, з іх толькі  10 — ў Беларусі. Нядаўна дзякуючы шматлікім намаганням у Беларусь вярнулася «Малая падарожная кніжка».

У гэтым годзе ў першыя выхадныя верасня ў Полацку, на радзіме першадрукара, пройдзе Дзень беларускага пісьменства, лейтматывам якога стане 500‑годдзе беларускага кнігадрукавання. Дарэчы, і сам горад адзначыць сваё 1155‑годдзе. Запрашаем далучыцца да, несумненна, усебеларускага свята.

Галіна Баравіцкая