«Звяздзе» – 100!


Заснавальнікі: Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Узнагароды: ордэн Айчыннай вайны І ступені (1965), ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967).

У склад Выдавецкага дома «Звязда» уваходзяць перыядычныя выданні: газета «Звязда», штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Бярозка», сатырычны часопіс «Вожык», экалагічны часопіс «Родная прырода», жаночы часопіс «Алеся», кніжнае выдавецтва.

У далёкім 1917 годзе 9 жніўня выйшаў першы нумар газеты «Звязда». Пройдзены доўгі і цікавы шлях, газета існуе і сёння, у ХХІ стагоддзі.

Напярэдадні слаўнага юбілею наш карэспандэнт сустрэўся з першым намеснікам дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аленай Леанідаўнай Ляўковіч.

— З якімі набыткамі вы сустракаеце 100‑годдзе газеты?

— Перш за ўсё гэта тое, што нам не сорамна перад тымі пакаленнямі журналістаў, якія працавалі да нас. Прынамсі, мы захавалі беларускамоўнасць выдання, мы захавалі накіраванасць «Звязды» як газеты, якая ў першую чаргу піша пра людзей, пра іх праблемы. І гэта, бадай што, самае важнае.

На сёння «Звязда» — адзіная дзяржаўная штодзённая беларускамоўная газета, парламенцкае і ўрадавае выданне. Газета была і застаецца люстэркам падзей, якія адбываюцца ў грамадстве. Мы разумеем, што друкаванае слова ў папяровым варыянце саступае электронным СМІ, страчвае свайго чытача. Але тыя людзі, якія нас выпісваюць, яны вельмі адданыя, газета нярэдка з’яўляецца любімай газетай некалькіх пакаленняў. Да несумненных набыткаў можна аднесці і тое, што мы захоўваем жывое беларускае слова. «Звязда», без перабольшвання, стаіць на варце чысціні літаратурнай беларускай мовы.

Хачу звярнуць увагу на нашыя першыя палосы: ні ў кога няма такіх першых палос, бо мы змяшчаем туды фотаздымкі простых, звычайных людзей, насельнікаў розных куточкаў Беларусі.

Набыткам я лічу і той факт, што ў нас малады калектыў, як кажуць, «маладая кроў». Гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і гэта дазваляе нам крочыць наперад, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, расці і развівацца.

— У гісторыі газеты былі і гераічныя старонкі. Раскажыце падрабязней пра іх.

— Новых членаў нашага калектыву я заўседы прашу азнаёміцца з гісторыяй газеты, пачытаць пра лёс яе супрацоўнікаў. Выданне «Звязды» каштавала ў пэўныя часы нават жыцця. І менавіта рэдактар падпольнай газеты «Звязда» Уладзімір Амельянюк быў пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза, гэта выключны выпадак.

Нашай газеце народ паставіў чатыры помнікі: на вуліцы Кульман, на будынку Дома друку, ля Чырвонага касцёла ў сталіцы, на Зыславе, дзе месцілася партызанская база і дзе падчас фашысцкай акупацыі выйшла каля ста нумароў «Звязды».

Так, гісторыя нашай газеты няпростая, як і гісторыя самой Беларусі за апошнія 100 год. Нездарма кнігу, якую мы рыхтуем да святкавання юбілею, мы назвалі  «Звязда»: гісторыя газеты, гісторыя краіны»…

— Якія праекты вядуцца ў «Звяздзе»?

— Перш за ўсё хачу адзначыць дадатак «Мясцовае самакіраванне». Ён разлічаны на мясцовыя Саветы, на дэпутатаў мясцовых Саветаў і выбаршчыкаў, вясковы актыў, на неабыякавых людзей. Праект стаў пляцоўкай для абмену вопытам, генерыравання ідэй. Гэтым праектам апякуецца Савет Рэспублікі, у прыватнасці — старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцоваму самакіраванню Аляксандр Андрэевіч Папкоў. Дзякуючы яго дапамозе і падказкам праект набыў новае жыццё, выходзіць штотыднёва, на мелаванай паперы, вельмі прэзентабельна выглядае.

Выдатнае супрацоўніцтва наладжана з Міністэрствам абароны, праект называецца «Плацдарм». Яго мэта — стварэнне пазітыўнага іміджа нашай арміі. Выходзіць ён штомесяц. Мы расказваем чытачам пра новую тэхніку, новае ўзбраенне, не забываем пра нашу гісторыю. Шмат месца выпуску мы прысвячаем памяці пра вайну, дапамагаем зберагчы гэту памяць. Напрыклад, пад рубрыкай «Абеліскі параненай зямлі» размяшчаюцца матэрыялы, якія расказваюць пра мясцовыя помнікі мінулай вайны. Ваенкаматы апякуюцца іх добраўпарадкаваннем і захаваннем, і мы ім дапамагаем у гэтым.

Супрацоўнічаем мы і з Міністэрствам унутраных спраў. Наш сумесны выпуск называецца «Фарпост спакою». Мэта — засведчыць станоўчы імідж чалавека, які ахоўвае правапарадак. І гэта не за вушы прыцягнутыя гісторыі, а гісторыі, заснаваныя на рэальных фактах. І станоўчых прыкладаў нашмат больш, чым адмоўных. Належная ўвага надаецца і такому немалаважнаму аспекту, як прафілактыка правапарушэнняў.

З той жа мэтай — папярэджання праблемных сітуацый — мы працуем і з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Праект называецца «Жывіце ў бяспецы», выпуск — раз у два тыдні.

Ганарымся мы і праектам «Сямейная газета», яго можна лічыць газетай у газеце, гэта восем палос фармата А3, выходзіць ён у чацвер, раз у два тыдні. І падобнага праекта, упэўнена, ні ў кога няма, таму што «Сямейная газета» па-сапраўднаму беларуская, гэта надае арыгінальнасць.

Яшчэ варта спыніцца на дадатку «Чырвоная змена». У складаны для гэтага выдання час «Звязда» падставіла плячо і не дазволіла яму знікнуць з газетнай арбіты. «Чырвоная змена» мае даўнюю слынную гісторыю, выдаецца з 1921 года. Гэта маладзёжнае выданне на дадзены момант захавала ўсе атрыбуты газеты: і «шапку», і выхадныя дадзеныя, і рэгістрацыйны нумар. Мае і сваю мэтавую аўдыторыю.

Яшчэ ў нас есць вельмі цікавы рускамоўны дадатак «Союз Евразия». Гэты дадатак разлічаны на чытачоў Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі. Трапляе ён на тыя тэрыторыі праз нашы дыпмісіі. Ён задуманы ў першую чаргу як эканамічны выпуск. Мы паказваем беларускі пункт гледжання на тую ці іншую праблему, расказваем пра беларускія прадпрыемствы. У нас моцны аддзел палітыкі і эканомікі, якія працуе над выпускам дадатку, таксама ў якасці суразмоўцаў мы запрашаем экспертаў у той ці іншай галіне. Выходзіць ён з 2014 года і з таго часу ўжо два разы быў лаўрэатам конкурсу «Залатая Ліцера» як лепшае выданне эканамічнага кшталту.

Не абміну ўвагай і нашу культуралагічную накіраванасць, бо, несумненна, беларускамоўнасць газеты вымагае праяўляць цікавасць да краязнаўства, гісторыі… Адпаведна, існуюць тэматычныя цікавыя старонкі. Напрыклад, «Ігуменскі тракт» — краязнаўчая. У гэтага выпуску даволі вялікая рэдакцыйная пошта, бо тэма маленькай радзімы — вельмі важная тэма, і яна мае права быць адлюстраванай на старонках нашай газеты.

Увогуле пра тое, што робім сёння, можна гаварыць яшчэ шмат, бо штодзённая газета — гэта перш за ўсё мабільнасць і здольнасць мяняцца і не баяцца новага.

— Ці можаце вы пахваліцца тым, што маеце ўсе нумары за сто год?

— На жаль, пахваліцца тым, што ў нас захоўваюцца ўсе нумары газеты, мы не можам. Ды, бадай, не можа пахваліцца ніхто, нават Нацыянальная бібліятэка. Шмат катаклізмаў перажыло наша грамадства за гэты час. Вось зараз мы працуем над кнігай — і складанасці ўзнікаюць, ёсць белыя плямы ў нашай гісторыі. Хто ратаваў, напрыклад, падшыўкі газет, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна? Ратаваць не паспявалі нават больш каштоўныя рэчы. Да таго ж папера вельмі лёгка гарыць…

— Якую сувенірную прадукцыю вы выпусцілі да 100‑годдзя?

— Каляндар, паштоўку, значок, магніт. Як кажуць, сціпла, але з густам. Мы не любім выхваляцца сабою. Нядаўна Белпошта выпусціла юбілейны канверт.

— З тых часоў, як вы сталі Выдавецкім домам, вам стала цяжэй працаваць, ці, наадварот, з’явілася больш магчымасцей?

— Для «Звязды» гэта быў важны момант, бо мы захавалі тытульную назву. Але разам з тым гэта і вялікая адказнасць. «Звязда» застаецца лакаматывам усяго цягніка — а гэта дзевяць «вагонаў» — іншых выданняў. І ў фінансавым плане, і ў арганізацыйным мы — лакаматыў. Калі добра лакаматыву — добра ўсім. Святы мы адзначаем разам, жывём адным калектывам. Натуральна, карыстаемся магчымасцямі іншых рэдакцый нашага Выдавецкага дома. Так, фінансавыя выдаткі пэўныя ёсць, складана бывае арганізацыйна, але мы прыдбалі кадравы патэнцыял — экспертаў у розных галінах.

— Ці робіце вы перавод папяровага архіву ў лічбавы фармат?

— Мы ведаем, што гэтым займаецца Нацыянальная бібліятэка. І яны, вядома, падзеляцца з намі гіперспасылкай. Праца няспешная, патрабуе пэўных фінансавых выдаткаў.

— З якога часу вы ў Інтэрнэце?

— Стала мы там ужо з 2000 года, нядаўна абнавілі сайт, праца з архівам папярэднім яшчэ вядзецца. Арыгінальных наведвальнікаў сайта — каля двух — двух з паловай тысяч у дзень.

— Колькі вы маеце ўзнагарод?

— У савецкі час мы атрымалі два ордэны, прычым адзін з іх — Вялікай Айчыннай вайны, а «Залатыя Ліцеры» нават цяжка і злічыць. Кожны год мы атрымоўваем узнагароду. Апошнюю ўзнагароду сёлета атрымала наша «Чырвоная змена» як лепшае выданне для моладзі.

— З якім настроем вы сустракаеце 100‑годдзе газеты? Як ацэньваеце зробленае?

— На кожнай лятучцы зранку мы робім агляд матэрыялаў, адзначаем лепшыя, хвалім аўтараў. Адзначаем хібы. Мы імкнемся да ўдасканалення. У планах — далейшае асваенне інтэрнэт-прасторы, развіццё сайта, але адначасова і развіццё папяровай версіі.

Швейцарскія вучоныя нядаўна правялі даследаванне. Людзям, якія працуюць у офісах, прапаноўвалі варыянты адказаў на пытанне, што такое шчасце. І большасць выбрала варыянт, што шчасце — гэта стан «плыні», калі ты можаш абстрагавацца ад рэальнасці штодзённай, цалкам паглыбіўшыся ў нешта цікавае.

Гiстарычная даведка

Першы нумар выйшаў 27.7 (9.8) 1917 года ў Мінску на рускай мове.

З 1925 года матэрыялы друкаваліся на беларускай і рускай мовах.

Са жніўня 1927 года — на беларускай мове.

Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастрычніка 1917 года — Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б). Двойчы забаранялася Часовым урадам, мяняла назву: «Молот», «Буревестник». З 1 (14) лістапада — пад назвай «Звезда».

У маі — верасні 1942 года выдавалася нелегальна як орган Мінскага падпольнага камітэта КП(б)Б, выйшлі чатыры нумары.

З 27 студзеня 1943 года па 1 ліпеня 1944‑га выдавалася ў зоне дыслакацыі партызанскіх злучэнняў на Міншчыне, выйшлі 93 нумары.

З 10 ліпеня 1944 года выдаецца ў Мінску.

Сацыёлагі зрабілі выснову, што Інтэрнэт гэтага стану плыні не дае. А вось папяровая газета такую магчымасць чалавеку дае, пры ўмове, што ў ёй якасная аналітыка. Атрымоўваецца, што наша прызванне, наша роля — рабіць чалавека шчаслівым, даваць яму гэты стан…

Аналізуючы пройдзены шлях, я ў першую чаргу дзякавала б нашым чытачам. Такой чытацкай аўдыторыі не мае, я ўпэўнена, больш ніхто. Дзякуючы іх сігналам з месцаў робяцца цікавыя публікацыі, бо калі чытач звярнуўся да нас, значыць, ён прайшоў ужо ўсе інстанцыі, і мы — яго апошняя надзея. І з прыватнага пытання вырастае матэрыял, які дазваляе ўбачыць агульныя праблемы. Чытачы дапамагаюць нам рабіць добрую газету. Наш прадукт якасны, гэта тая газета, якую можна перачытаць, захаваць, параіць другому.

Зрэшты, самі сябе хваліць мы не будзем. Чакаем зваротнай сувязі ад тых, хто нас чытае, хто з намі сябруе. Словы чытачоў і будуць самай аб’ектыўнай ацэнкай нашай працы.

— Ведаю, што слова «звязда» азначае васьміканцовую зорку, сімвал сонца. Хочацца пажадаць вам і надалей смела крочыць наперад і асвятляць нам шлях, быць у авангардзе!

— Дзякуй!

Вяла гутарку Галіна Баравіцкая, фота аўтара і Надзеі Бужан