Гартаем кнігу вандраванняў і любові


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуюць выставы, прымеркаваныя да 100‑годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкi і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

У музеі прадстаўлены матэрыялы з фондаў і асабістыя рэчы творцаў. Кожная з іх мае сваю гісторыю і сувязь з жыццём і творчымі шляхамі славутых сыноў Беларусі.

Дырэктар музея Дзмітрый Яцкевіч адзначыў, што яго супрацоўнікі заўсёды адгукаюцца на юбілейныя падзеі. Рыхтаваліся да выставы на працягу года.

— Мы павінны прапагандаваць нашу літаратуру, гісторыю, культуру і рабіць гэта не толькі на нашых плошчах, але і вывозіць выставы за межы музея. Так, выстава «Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові…» запланавана як перасоўная. У хуткім часе адправіцца ў Талін, дзе нарадзіўся паэт. Да яе адкрыцця быў прымеркаваны і шэраг мерапрыемстваў, — падкрэслівае Дзмітрый Яцкевіч і тлумачыць, што сумесна з Белпоштай у жніўні адбылося спецыяльнае памятнае гашэнне марак, прысвечаных 100‑годдзю з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. — Мы праінфармавалі амбасаду Ірана ў Беларусі пра тое, што Пімен Панчанка знаходзіўся ў Іране як ваенны карэспандэнт. Уражанні аб гэтай краіне паэт змясціў у цыкле вершаў «Іранскі дзённік». На адкрыцці выставы быў прадстаўнік амбасады, які выказаў зацікаўленасць у выданні вершаў Панчанкі на фарсі. А яшчэ паэт быў заўзятарам мінскага футбольнага клуба «Дынама», таму мы звярнуліся да кіраўніцтва клуба, і яны зрабілі майку ганаровага заўзятара з нумарам «100» і падаравалі нашаму музею. Прыемна, што нядаўна статус народнага атрымаў школьны музей Пімена Панчанкі ў сталічнай СШ № 199, якая знаходзіцца на вуліцы, названай імем паэта.

Другая выстава Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прысвечана жыццю і творчасці Янкі Брыля. Ён быў не толькі пісьменнікам, але і грамадскім дзеячам. Кожны раз, калі супрацоўнікі знаходзяць новыя фотаздымкі, яны адкрываюць творцу па-новаму.

На выставе прадстаўлена друкарская машынка пісьменніка, яго настольная лямпа і нават яго знакаміты саламяны капялюш (брыль), а таксама кнігі з аўтографамі самога пісьменніка.

Была ў жыцці Янкі Брыля і старонка, калі ён быў сувязным партызанскай брыгады, рэдактарам газеты «Сцяг свабоды», працаваў у рэдакцыі знакамітай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!». І гэта ўжо тэма асобнага артыкула.

Я ж накіроўваюся да выставы, прысвечанай Пімену Панчанку. Тут прадстаўлены восем банераў, кожны з якіх адлюстроўвае асобны перыяд жыцця творцы: «Кніга вандраванняў і любові…», «Упэўненасць», «Дарога вайны», «Шырокі свет», «Пры святле маланак», «Млечны шлях», «І вера, і вернасць, і вечнасць», «Зямля ў мяне адна».

Цікава было даведацца пра армейскія гады Пімена Панчанкі, яго працу ў франтавых газетах. У гады Вялікай Айчыннай вайны выходзілі яго зборнікі вершаў, шмат з яго твораў былі апублікаваны на старонках армейскіх і франтавых газет.

Разглядаю асабістыя рэчы творцы, фотаздымкі, дакументы. Вось камандзіровачнае пасведчанне на імя Пімена Панчанкі з пячаткай газеты «Красноармейская звезда», пасведчанне з подпісам адказнага рэдактара газеты «За Советскую Белоруссию» батальённага камісара Міхася Лынькова.

А вось пасведчанне на імя Пімена Панчанкі «В том, что он действительно является литературным сотрудником газеты Политуправления Белорусского фронта «Белорусская звезда».

Ён прымаў удзел у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Пазней быў Бранскі, затым — Калінінскі франты, дзе Пімену Панчанку давялося працаваць у франтавой газеце «За свабодную Беларусь» і ў сатырычным часопісе «Партызанская дубінка». Затым яго накіравалі на Паўночна-Заходні фронт пад Старую Русу, дзе ён працаваў у газеце «Героический штурм». У 1944 годзе штаб арміі і рэдакцыю газеты, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран.

Паэт шмат вандраваў, таму на выставе таксама прадстаўлены рэчы з розных краін.

У гэтым годзе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адзначыць трыццацігоддзе. Музей чакае сваіх наведвальнікаў, каб разгарнуць перад імі старонкі жыцця і творчасці славутых сыноў Беларусі.

Наталля Пахамовіч, «Ваяр», фота Ірыны Маліноўскай