Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва


Асаблівая атмасфера пануе ў архіве. Тут яскрава адчуваеш подых часу і яго скарацечнасць. Той, хто хоць раз трымаў у руках прадметы з разраду «справы даўно мінулых дзён», ніколі не забудзе хвалявання пры гэтым. А інакш і быць не можа, калі ведаеш, што тую ці іншую афіцыйную паперу, выданне або рэч трымалі ў руках пісьменнікі, артысты, мастакі, рэжысёры і іншыя вядомыя асобы.

Ганна Запартыка

6 кастрычніка прафесійнае свята адзначаюць людзі, чый службовы абавязак — захоўваць мінулае для нашчадкаў. У іх ліку — і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Гісторыя скарбніцы нацыянальнай літаратуры і мастацтва пачалася 9 чэрвеня 1960 года. Менавіта ў гэты дзень была падпісана пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. З 1993 года дадзеная ўстанова стала называцца «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва».

Архіў-музей знаходзіцца ў гістарычным месцы Мінска — Верхнім горадзе

— Наша ўстанова была створана дзеля высакароднай мэты — сабраць і захаваць скарбы айчыннай літаратуры, культуры і мастацтва, — адзначыла дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка. — На матэрыялах архіўных фондаў грунтуюцца шматлікія навуковыя даследаванні, дакументальныя фільмы, выставы, зборнікі і г. д. На сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца 507 фондаў, якія складаюць 114.856 адзінак захоўвання і 628 музейных прадметаў. Яны ахопліваюць храналагічны перыяд з 1812 года па цяперашні час (асобныя матэрыялы — копіі дакументаў XIІІ–XIX стагоддзяў).

Пэўную частку архіва-музея складаюць фонды ўстаноў культуры — літаратурна-мастацкіх рэдакцый часопісаў і газет, Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», Беларускай акадэміі музыкі, тэатраў, творчых саюзаў і іншых падобных устаноў. Гэта зборы дакументаў, якія назапасіліся за перыяд існавання пэўнай арганізацыі культуры, — пратаколы, загады кіраўніцтва, перапіска і іншыя афіцыйныя паперы. Папаўняюцца дадзеныя фонды ў адпаведнасці з Законам аб архіўнай справе і справаводстве ў Рэспубліцы Беларусь.

Значнае месца ў архіве-музеі займаюць асабістыя фонды, кожны з якіх, адлюстроўваючы жыццё і дзейнасць свайго стваральніка, дае ўяўленне і пра эпоху, у якую жыў і тварыў чалавек.

Палову ад усёй колькасці фондаў асабістага паходжання складаюць пісьменніцкія архівы. Сярод іх — зборы і калекцыі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, асабістыя архіўныя фонды Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Канстанцыі Буйло, Васіля Быкава, Сяргея Грахоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Маўра, Івана Мележа, Івана Шамякіна і многіх іншых майстроў пяра.

Іван Шамякін. Раман «Атланты і карыятыды». Аўтограф. 1971 год

— Найбольш стратным для Беларусі ў дачыненні да архіўных крыніц стала ХІХ стагоддзе, — заўважыла Ганна Запартыка. — Да гэтага часу прыходзіцца накіроўвацца ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Кракаў, Варшаву, Вільню, Кіеў і іншыя гарады блізкага і далёкага замежжа, каб выявіць, напрыклад, рукапісы і дакументы Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны і інш. У многіх выпадках шанцуе атрымаць копію таго ці іншага дакумента. Архівісты ствараюць з іх калекцыі. І з адной з такіх, якая адлюстроўвае гісторыю беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя, можна азнаёміцца ў нашым архіве-музеі. Яе складаюць рукапісы і дакументы Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Багушэвіча і другіх пісьменнікаў. Гісторыя літаратуры адлюстравана таксама ў дакументах пісьменніка, мастака і грамадскага дзеяча Каруся Каганца, што былі перададзены ў архіў-музей на пачатку 1990‑х гадоў яго дачкой Галінай, якая жыла ў Маскве. Архіў Адама Гурыновіча перадала яго пляменніца Яніна Гурыновіч з польскага горада Торуня. Асобнае месца ў нас займае фонд археографа і мовазнаўца Івана Грыгаровіча, які пашырае ўяўленні пра гісторыю Беларусі і яе пісьмовыя крыніцы аж да ХІІІ стагоддзя.

Вялікую ролю ў даследаваннях гісторыі беларускай літаратуры, культуры і мастацтва ХІХ — першай трэці ХХ стагоддзя адыгрывае фонд беларускага музея імя Івана Луцкевіча. На жаль, калекцыі некалі славутага на ўсю Еўропу музея параскіданы па сховішчах розных дзяржаў і прыватных зборах. Аднак значная частка яго архіўнай спадчыны захоўваецца ў беларускім архіве-музеі. Гэта фрагменты асабістых архіваў Цёткі, Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча, асобныя творы і дакументы Змітрака Бядулі, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, ананімныя творы і фальклорныя запісы ХІХ стагоддзя. У да­дзеным фондзе ёсць і шматлікія матэрыялы беларускіх выдавецтваў, часопісаў і газет, што дзейнічалі ў першай трэці ХХ стагоддзя.

Выстава з фондаў архіва музея

У архіве-музеі шырока прадстаўлена гісторыя беларускай літаратуры даваеннай пары. Вялікую цікавасць выклікаюць і фонды, у якіх утрымліваюцца дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Калі гаварыць пра тэатральнае мастацтва, то ў архіве-музеі яно прадстаўлена асабiстымi фондамi артыстаў, рэжысёраў сталiчных і абласных тэатраў.

Музычная культура Беларусі адлюстравана ў фондах выдатных кампазiтараў Мікалая Аладава, Генрыха Вагнера, Яўгена Глебава, Юрыя Семянякі, Яўгена Цікоцкага, а гiсторыя выяўленчага мастацтва — у асабістых фондах таленавітых мастакоў Валянціна Волкава, Барыса Звінагродскага, Арлена Кашкурэвіча, Аляксандра Паслядовіча і другіх дзеячоў сферы культуры і мастацтва.

Захоўваюцца ў архіве-музеі і зборы дакументаў па гісторыі кiнематаграфіі. Яны прадстаўлены фондамі аднаго з заснавальнiкаў беларускага кiно Уладзіміра Корша-Саблiна, рэжысёраў Віктара Турава, Віталія Чацверыкова.

Тут захоўваецца мінулае

Разам з камплектаваннем фондаў архіў-музей ствараў і навуковую бібліятэку. Зараз яна налічвае звыш 30 тысяч кніг і 35 тысяч часопісаў і газет. Сярод унікальных кніг і выданняў бібліятэкі — газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Узвышша», «Маладняк», асобныя нумары часопісаў «Саха», «Калоссе», першыя выданні зборнікаў Янкі Купалы «Жалейка» і Якуба Коласа «Песні жальбы», амаль усе выданні «Беларускай граматыкі для школ» Браніслава Тарашкевіча, выданні паэмы «Тарас на Парнасе» (пачынаючы з 1898 года), беларуская граматыка Рудольфа Абіхта (1918 год).

У 1976 годзе пасля рэарганізацыі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР у архіў-музей пачалося стварэнне яго музейнага фонду. Цяпер у ім захоўваецца звыш 600 экспанатаў, асноўную частку якіх складаюць рэчы дзеячоў літаратуры, культуры і мастацтва, — калекцыі фалерыстыкі, музычных інструментаў, гадзіннікаў, посуду і г. д.

Фотаздымак Якуба Коласа з дарчым надпісам

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва функцыянуюць пяць аддзелаў, кожны з якіх выконвае свае задачы. Наведвальнікамі дадзенай установы, якая, дарэчы, размяшчаецца ў гістарычным месцы Мінска — Старым (Верхнім) горадзе, з’яўляюцца мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, студэнты, аспіранты і нават школьнікі. Акрамя таго, што тут можна папрацаваць з гістарычнымі дакументамі, ёсць магчымасць заказаць экскурсію, прычым па выбранай тэме, напрыклад, асабістыя фонды пісьменнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама наведаць выставы, якія перыядычна арганізуюцца на аснове фондаў архіва-музея.

— Тэма архіваў была, ёсць і будзе актуальнай. Чалавека заўсёды будзе заварожваць аўтограф, здзіўляць гісторыя тэкстаў, фотаздымкі. І Глабальная сетка ніколі не заменіць «жывых зносін» з тым альбо іншым гістарычным прадметам. Архівы закліканы быць своеасаблівым мастом паміж эпохамі, і ў гэтым іх вышэйшае прадвызначэнне.

Яўген Цікоцкі. Партыя Алесі з оперы «Алеся». Клавір. Аўтограф. 1944 год

А ў дзень нашага свята хочацца пажадаць калегам поспехаў і моцнага здароўя, адчування прафесійнай годнасці і ўпэўненасці ў тым, што кожны з нас выконвае выключную місію, — падкрэсліла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка.

Аксана Курбека, «Ваяр», фота аўтара і з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва