На шляху да зорак

Паўгода таму Аляксандр Максімовіч з аграгарадка Ахрэмаўцы быў звычайным падлеткам. Які зусім нядаўна скончыў школу, здаў цэнтралізаванае тэставанне і атрымаў магчымасць здзейсніць дзіцячую мару — стаць вайскоўцам. Наперадзе ў хлопца быў курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Ваеннай акадэміі. Тады ён яшчэ не ведаў, што азначае быць курсантам і называцца абаронцам Айчыны. А зараз Аляксандр можа падвесці вынікі ўнікальнага 2019‑га, першая частка якога — грамадзянская, а другая афарбаваная ў колер хакі.

02_20_35.jpg

Сёння Аляксандр Максімовіч — курсант факультэта ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення Ваеннай акадэміі. Навучацца ў вядучай ваеннай вну краіны пачэсна і прэстыжна. Але разам з высокім статусам — і адпаведны ўзровень патрабаванняў да курсантаў.

— Паступіць было складана, — падзяліўся Аляксандр. — Акрамя цэнтралізаванага тэставання, трэба было прайсці прафесійна-псіхалагічны адбор, паглыбленую медыцынскую камісію і здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы. Я ведаў, што жадаючых стаць курсантамі шмат, таму загадзя рыхтаваўся да паступлення, рабіў акцэнт на профільныя прадметы. Таму быў упэўнены ў сваіх сілах.

Апынуўшыся ў курсанцкім страі, Аляксандр адчуў, што ён не проста ў новым для сябе сацыяльным інстытуце, а ў сапраўднай сям’і, дзе побач — аднадумцы, таварышы. Некалькі месяцаў праляцелі амаль незаўважна, але вельмі насычана і цікава. А самай запамінальнай падзеяй стала прыняцце Ваеннай прысягі.

— Ваенная прысяга — гэта не проста словы, — заўважыў курсант. — Гэта клятва, якую ты будзеш абавязаны выконваць усё жыццё. Гэта некалькі радкоў тэксту, у які закладзены глыбокі сэнс, дзе кожнае слова мае вялізную вагу. І ты павінен быць гатовым не проста сказаць, але і трымаць слова.

Кожны дзень у Ваеннай акадэміі насычаны падзеямі, падчас якіх будучыя афіцэры атрымліваюць шмат карыснай інфармацыі, адпрацоўваюць тэорыю на практыцы, удзельнічаюць у розных спартыўных спаборніцтвах, навуковых канферэнцыях. А вольны час прысвячаюць сваім хобі. Для Аляксандра аддушына — музыка.

— Спяваю пад гітару, — падзяліўся вайсковец. — Музыка дазваляе мне расслабіцца, адпачыць душой. А таксама займаюся спортам — цяжкай атлетыкай. Каб і цела было моцным.

У Ваенную акадэмію паступаюць пераважна выпускнікі школ, якія мала ведаюць пра армію і ратную справу. Але за некалькі гадоў яны пераўтвараюцца ў першакласных прафесіяналаў. Дзякуючы ўпартай працы над сабой, шматлікім заняткам, палявым выхадам і іншым элементам штодзённага курсанцкага жыцця.

— За паўгода ў курсанцкіх пагонах я дакладна зразумеў, што не памыліўся з выбарам, — заўважыў Аляксандр. — Адчуваю, што знаходжуся на сваім месцы. Адразу было крыху нязвыкла, але з цягам часу пры дапамозе камандзіраў і таварышаў адаптаваўся. І зараз атрымліваю задавальненне ад кожнага дня ў Ваеннай акадэміі.

Капітан Артур Грыгаран, «Ваяр»,

фота аўтара

Быстрее. Выше. Сильнее
Путешествие в другую реальность
Архив выпусков