Журналісты-франтавікі

Заканчэнне. Пачатак у нумары за 11 студзеня 2020 года.

Пятро (Пётр) Дзмітрыевіч Дудо

Нарадзіўся 4 верасня 1911 года. У 1935 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. У 1940-м скончыў КІЖ у Мінску і быў прызначаны намеснікам рэдактара газеты ў Беластоку.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў палітработнікам, супрацоўнічаў у армейскім друку. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

З 1949 года — карэспандэнт газеты «Во славу Родины».

Мікалай Гарбачоў: «Цікавым, каларытным чалавекам быў Пётр Дудо»

1.jpg

«Цікавым, каларытным чалавекам быў ураджэнец вёскі Забалацце Стайскага сельсавета журналіст і празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Пётр Дудо, таму зусім не выпадкова яго вырашыў увекавечыць у сваёй карціне таленавіты лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў.

Нарадзіўся Пётр Дзмітрыевіч ў сялянскай сям’і. Калі хлопчыку споўнілася толькі тры гады, загінуў на фронце Першай сусветнай вайны яго бацька Дзмітрый Арцёмавіч Дудо. Маці Кацярыне Ігнатаўне давялося адной выхоўваць двух сыноў Пятра і Ягора. Пётр Дзмітрыевіч быў першым памочнікам маці ў гаспадарчых справах, з маленства авалодаў навыкамі нялёгкай сялянскай працы, навучыўся настойліва пераадольваць цяжкасці паўсядзённага жыцця.

У 1935 годзе Пятра Дудо прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Пачынае выступаць у друку з артыкуламі і апавяданнямі. У 1940 годзе скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску, працаваў намеснікам рэдактара газеты ў Беластоку. Тут сустрэў і пачатак вайны.

Нямала франтавых дарог пракрочыў Пётр Дудо. Быў палітработнікам, супрацоўнікам армейскага друку. За баявыя подзвігі Пётр Дзмітрыевіч узнагароджаны чатырмя ордэнамi, медалямі. У пасляваенны час працаваў карэспандэнтам газеты «Во славу Родины». З нарысамі і апавяданнямі выступаў у рэспубліканскім друку, напісаў аповесць «Першы салют» і сатырычную камедыю «Чортаў тузін».

23 лютага 1958 года на 47-м годзе жыцця сэрца Пятра Дудо перастала біцца. Свой апошні прытулак ён знайшоў на Вайсковых могілках у Мінску».

* * *

Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ) імя С. М. Кірава рыхтаваў кадры для газет, часопісаў, радыё ў перадваенны час. Ён меў статус вышэйшай партыйнай навучальнай установы, якая рыхтавала адказных рэдактараў раённых і палітаддзельскіх газет (у 1933–1956 гг. у МТС, саўгасах, на транспарце дзейнічалі (у розныя гады) палітаддзелы, у складзе многіх з іх былі рэдактары шматтыражак), работнікаў «сярэдняга звяна» для рэдакцый цэнтральных газет. Рашэнне аб стварэнні КІЖа было прынята ЦК КП(б)Б

у сакавіку 1932 года.

Першапачаткова ў інстытут прымалі толькі членаў партыі, якія мелі вопыт працы ў газеце. Крытэрыі адбору ў КІЖ былі досыць высокімі — абавязковы двухгадовы партстаж, не менш за тры гады — праца на прамысловым прадпрыемстве, МТС, саўгасе або калгасе.

З улікам спецыфікі будучай прафесіі абітурыенты павінны былі мець вопыт партыйна-масавай і грамадскай працы і удзельнічаць у бальшавіцкім друку (быць раб-, сель-, ваенкарам або штатным супрацоўнікам газеты). Узрост абітурыентаў — 22–32 гады.

У 1934 годзе круг абітурыентаў быў пашыраны — створана камсамольскае аддзяленне, куды маглі паступіць члены і кандыдаты ў члены партыі з трохгадовым камсамольскім і працоўным стажам. Да таго ж абітурыенты гэтага аддзялення павінны былі мець вопыт камсамольскай і грамадскай працы, быць рэдактарамі або членамі рэдкалегіі насценных газет, рабкарамі (селькарамі). Жадаючыя тут вучыцца, якія адпавядалі ўсім умовам, але не з'яўляліся членамі (кандыдатамі ў члены) партыі, маглі трапіць у КІЖ толькі па накіраванні ЦК ЛКСМБ.

Для планавага набору навучэнцаў ЦК КП(б)Б вызначаў кантрольныя лічбы, або «развёрсткі», для партыйных і камсамольскіх арганізацый рэспублікі. Палітупраўленне Беларускай ваеннай акругі мела свой ліміт для накіроўвання на вучобу ў КІЖ, праўда, ліміт гэты быў невялікі. Мяркуйце самі: тры найбуйнейшыя цэнтры — Віцебск, Гомель, Магілёў — на ўсе формы навучання маглі паслаць каля 80 чалавек. Для іншых уключаных у разнарадку гарадоў — Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Мазыр, Орша, Полацк, Рэчыца — выдзялялася ад 6 да 12 месцаў, а на ўсе астатнія раёны БССР — усяго пяць.

У студэнтаў КІЖа былі значныя перавагі. Так, у БДУ, іншых вну рэспублікі ў 1920–1930 гг. інтэрнатам і стыпендыямі забяспечваліся толькі рабфакаўцы, а іншыя атрымлівалі стыпендыю ў залежнасці ад паспяховасці. КІЖ забяспечваў сваіх падапечных стыпендыяй (250 рублёў, а ў сярэднім зарплата у 1936 годзе для работнікаў цяжкай прамысловасці складала 231 рубель, для будаўнікоў — 224 рублі, для чыгуначнікаў — 227, выкладчыкаў вузаў — 336), інтэрнатам, харчаваннем, наяўнымі падручнікамі і нават пісьмовымі прыладамі. Установы і арганізацыі на месцах цалкам аплачвалі абітурыентам КІЖа дарожныя выдаткі. Для падрыхтоўкі да іспытаў ім даваўся аплачваемы водпуск тэрмінам 45(!) дзён з захаваннем права на чарговы адпачынак. Былі і іншыя прывілеі.

Нягледзячы на тое што ў навучальных планах КІЖ значную частку займалі агульнапалітычныя дысцыпліны, на спецыяльныя прадметы адводзілася не менш за 40 % вучэбнага часу. Студэнты інстытута за тры гады вучобы здавалі экзамены: беларуская, руская, нямецкая мовы, усеагульная гісторыя, гісторыя народаў СССР, гісторыя ВКП(б), геаграфія, палітэканомія, гістарычны і дыялектычны матэрыялізм, ленінізм, гісторыя беларускай і рускай літаратуры, ваенныя дысцыпліны. Студэнты ўдасканальвалі журналісцкае майстэрства на семінарах, спец- і тэарэтычных курсах (напрыклад «Праца над газетным матэрыялам»). Асобная адзнака выстаўлялася за практыку ў канкрэтным выданні.

У навучальнай установе не хапала падручнікаў, дапаможнікаў, спецыяльнай літаратуры. Усесаюзны КІЖ, на які раўняліся аналагічныя мінскай вну ў Алма-Аце, Куйбышаве, Ленінградзе, Свярдлоўску, Харкаве, выдаў для студэнтаў-журналістаў некалькі кніг («Рэдагаванне і праца бальшавіцкага друку», «Друк у сацыялістычным будаўніцтве» і іншыя), але іх было мала і па колькасці, і па тэматыцы.

IMG_0396.jpg

Першы ў рэспубліцы падручнік па журналістыцы (гл. фота) быў выпушчаны ў 1934 годзе. Аўтар — Марк Зярніцкі, які працаваў доўгія гады на журфаку і ў пасляваенны час. Былы яго студэнт, выпускнік БДУ 1972 года, зараз палкоўнік ў адстаўцы Мікалай Турбан, які і сёння плённа працуе, рэдагуе шматлікія вайсковыя дакументы, дзеліцца ўспамінамі: «Марк Саламонавіч Зярніцкі — выкладчык ад бога, мэтр савецкай журналістыкі, якога любілі ўсе студэнты-газетчыкі факультэта журналістыкі за яго даступнасць, арыгінальную падачу вывучаемага матэрыялу, шчырую зацікаўленасць у канчатковых выніках працы — прафесійным росце сваіх выхаванцаў.

Лекцыі Марка Саламонавіча ўяўлялі сабой працэс перадачы вялізнага жыццёвага досведу на прыкладах з багатай карэспандэнцкай практыкі, а некаторыя яго вобразныя выразы назаўжды адклаліся ў памяці.

Асновы журналістыкі, якія ён прывіваў кожнаму з нас, далі добрыя ўсходы ў сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, дзе давялося працаваць выпускнікам журфака».

А студэнту трэцяга курса журфака Фёдару Велікасельцу Марк Саламонавіч яшчэ у 1970 годзе прадказаў бліскучае журналісцкае будучае. І не памыліўся — Фёдар Фёдаравіч шмат гадоў стаіць на чале «Эканамічнай газеты».

* * *

«КІЖ адыграў сваю важную ролю ў падрыхтоўцы прафесійных журналістаў у час, калі ішоў актыўны працэс станаўлення нацыянальнай сістэмы друку, выдавецкай справы і беларускага радыё. Створаная ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя нацыянальная журналісцкая школа заклала тэарэтычны і практычны падмурак запатрабаванай часам і грамадскім развіццём творчай прафесіі, а напрацаваны ў ёй каштоўны вопыт знайшоў прымяненне ў пасляваенны час, калі ў сістэме класічнай універсітэцкай адукацыі распачалася дзейнасць пераемніка лепшых традыцый КІЖа — факультэта журналістыкі БДУ».

Пётр Дарашчонак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. Часопіс «Беларуская думка», № 11, 2012 год.

* * *

У 1941/1942 навучальным годзе на першы курс КІЖа планавалася набраць 125 чалавек, бо ў Беларусі збіраліся наладзіць выпуск яшчэ 54 раённых газет. Гэтыя планы перакрэсліла вайна. Многія кіжаўцы змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, падпольных групах і зброяй традыцыйнай: ад вінтоўкі да баявога самалёта, і зброяй спецыфічнай, спецыяльнай — словам. Сённяшні кароткі аповед пра двух кіжаўцаў, якім прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Аляксандр Андрэевіч Філімонаў

Филимонов-А.А.1..jpg

Нарадзіўся 9 мая 1918 года ў вёсцы Кучын Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, цяпер Кармянскi раён Гомельскай вобласці.

Скончыў 10 класаў, у 1940 годзе — другі курс Камуністычнага інстытута журналістыкі. З 1940-га — загадчык аддзела прапаганды і культуры газеты «Авангард» ў горадзе Лунінцы Брэсцкай вобласці. Адразу пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны калектыў газеты быў эвакуіраваны з Лунінца. Малады газетчык у ліпені 1941 года прызваны ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе скончыў Арлоўскае танкавае вучылішча (эвакуіравана ў Майкоп). Накіраваны на танкавы завод у Омск. З ліпеня 1943 года — у дзеючай арміі. Прайшоў усе цяжкія дарогі вайны. У Берлінскай наступальнай аперацыі гв. ст. л-нт Аляксандр Філімонаў камандаваў танкавай ротай 55 тп 5 мк. 1 мая 1945 года яго рота знішчыла восем танкаў і штурмавых гармат гітлераўцаў.

Вайну танкіст Філімонаў завяршыў у раёне чэхаславацкага горада Бенеша (Пражская аперацыя).

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 года гвардыі старшаму лейтэнанту Аляксандру Андрэевічу Філімонаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Звольніўся ў запас у 1946 годзе. У 1949 годзе скончыў філфак БДУ, у 1952 годзе — аспірантуру пры ім. Аўтар шматлікіх манаграфій і падручнікаў. Доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры.

Памёр 31 снежня 2007 года.

Уладзімір Сцяпанавіч Амельянюк

OmelianjukVlStep.jpg

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля ў Мінску ў час Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1965).

Нарадзіўся 20 мая 1917 года ў пасёлку Дно Порхаўскага павета Пскоўскай губерні Расіі. У 1922-м сям’я пераехала ў Мінск. Ва ўзросце 18 гадоў быў прызначаны адказным сакратаром Дзяржынскай раённай газеты. Паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску. На пачатку вайны быў на практыцы ў Беластоку. Пешшу вярнуўся ў Мінск і з жніўня 1941 года пачаў дзейнасць у складзе Камароўскай падпольнай партыйнай групы, у лік арганізатараў якой уваходзіў яго бацька. Займаўся напісаннем і распаўсюджваннем лістовак, падтрымліваў сувязь з партызанамі Мінскай вобласці і Дзяржынскім камуністычным падполлем, дапамагаў уцёкшым з палону чырвонаармейцам выйсці з горада. З мая 1942 года У. Амельянюк — член Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б і рэдактар падпольнай газеты «Звязда». Пасля выхаду першага нумара газеты акупанты кінулі вялікія сілы агентаў і правакатараў на пошук рэдакцыі і друкарні. 26 мая 1942 года (на восьмы дзень пасля выхаду газеты) У. С. Амельянюк быў забіты ў перастрэлцы ў Міхайлаўскім завулку.

У арганізацыі падпольнага друку ў Мінску выкарыстоўвалася і матэрыяльная база друкарні «Красноармейской правды». Пры адступленні з Мінска частку абсталявання і шрыфтоў друкарні вывезці не ўдалося, яны засталіся на тэрыторыі і ў будынках сучасных Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь «Ваяр». Падпольшчыкі, рызыкуючы жыццём, выносілі шрыфты і выкарыстоўвалі іх пры друкаванні лістовак і газет.

Падрыхтаваў палкоўнік у адстаўцы Усевалад Танана, фота аўтара і з адкрытых крыніц


Поздравление министра обороны Республики Беларусь...
Информация о проведении 19 июня 2019 года в 11.00...
Архив выпусков