«Чалавек нараджаецца, каб жыць...»

Пад такой назвай у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе часовая літаратурна- дакументальная экспазіцыя.

Маленькая афиша.jpg

На ёй прадстаўлены ўнікальныя перыядычныя выданні ваеннага часу, рукапісы вершаў пра вайну, архіўныя фотаздымкі, лісты, кнігі з дароўнымі надпісамі Пятра Прыходзькі, Міколы Аўрамчыка, Івана Навуменкі, Аляксея Пысіна, асабістыя рэчы пісьменнікаў.

У афармленні выставы выкарыстаны таксама плакаты ваеннай пары, прадстаўленыя Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Арганічна ўключана ў экспазіцыю інсталяцыя інтэр’ера гарадской кватэры: гатовы выслізнуць на падлогу з перакошанай рамкі сямейны даваенны фотаздымак, паваленая мэбля, пабіты посуд... Вайна парушыла ўсталяваны лад жыцця, змяніла ў адну хвіліну лёсы мільёнаў. Назва экспазіцыі адлюстроўвае галоўную ідэю: Другая сусветная вайна — найвялікшая трагедыя ХХ стагоддзя, яна прынесла смерць мiльёнам людзей. І чалавецтва павінна памятаць пра гэта.

IMG_20200622_163417.jpg

Сёлета культурная грамадскасць адзначае 100-годдзе з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка, Аляксея Пысіна, Аляксея Карпюка, Пятра Прыходзькі, 95 год з дня нараджэння Івана Навуменкі. Лёсам ім было наканавана нарадзіцца і жыць у вельмі складаны час, на сабе адчуць цяжар ваеннага ліхалецця. Юнакі, яны рана пасталелі, бо Радзіма паклікала іх узяць у рукі зброю і стаць на яе абарону. У полымі вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, і таму зразумела, чаму тэма Вялікай Айчыннай вайны на доўгія гады стала адной з галоўных у беларускай літаратуры.

І назаўсёды засталася ў творчасці тых, хто прайшоў яе ад першага да апошняга дня.

У гады вайны супраць ворага змагаліся ўсімі сродкамі, не толькі зброяй. Друкаванае слова падымала баявы дух, давала надзею, вяло ў бой.

Пяро служыла Радзіме не менш аддана, чым штык. Больш за 160 газет выходзіла на акупаванай тэрыторыі Беларусі, яны выпускаліся сіламі падполля і партызанскіх фарміраванняў. З Вялікай зямлі дасылаліся выданні «Совецкая Беларусь» і «За свабодную Беларусь».

IMG_20200622_163556.jpg

Выходзілі газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», сатырычны лісток «Партызанская дубінка». У Маскве ў 1942 годзе аднавіла сваю дзейнасць Дзяржаўнае выдавецтва БССР, з друку выйшлі кнігі Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, выпускніку педагагічнага інстытута Міколе Аўрамчыку быў 21 год. Удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 года трапіў у палон, быў вывезены ў Германію на каменнавугальную шахту.

Здзейсніў спробу ўцячы з перасыльнага лагера, але няўдала — злавілі і вярнулі на шахту. Разам
з іншымі вязнямі быў вызвалены войскамі саюзнікаў у красавіку 1945 года. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам «Знак Пашаны». Працаваў у перыядычных выданнях, амаль 30 гадоў быў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Пра перажытае Мікола Аўрамчык расказаў у рамане «Падзямелле». Мікола Якаўлевіч — аўтар больш дзесяці зборнікаў паэзіі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы.

Пад Чудавым я цудам не забіты. Прапаў без вестак я ў Мясным Бары,

І ў Руры, Богам і людзьмі забыты, Ледзь выбраўся з падземнае нары.

 ***

21-гадовым сустрэў вайну і Аляксей Пысін. Удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах, быў двойчы паранены. Працаваў пасля вайны ў перыядычным друку. Аўтар больш дзесяці зборнікаў паэзіі, у якіх ён дзяліўся з чытачамі сваімі перажываннямі, франтавымі ўспамінамі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы.

Я гляджу на даўняе курганне, На траву, на рыжых мурашоў. Ведайце, калі мяне не стане — Я ў сваю дывізію пайшоў.

***

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Пятро Прыходзька быў курсантам ваенна-палітычнага вучылішча. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, на Курскай дузе, вызваляў Беларусь, Польшчу, Прагу, дайшоў да Берліна. Пасля вайны працаваў у газеце БВА «Во славу Родины», у іншых перыядычных выданнях, выдавецтвах. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя А. Куляшова. Аўтар больш 20 зборнікаў паэзіі.

IMG_20200622_164800.jpg

Спі! Хай зорка свеціць, Хай прысняцца сны, Што нідзе на свеце Больш няма вайны.

***

Выпускнік Наваградскага педагагічнага вучылішча Аляксей Карпюк, калі ў родную вёску прыйшлі акупанты, уключыўся ў падпольную барацьбу. У час адной з дыверсій на чыгунцы быў арыштаваны і адпраўлены ў турму, адтуль — у канцэнтрацыйны лагер Штутгоф. Аляксею Карпюку ўдалося ўцячы адтуль і далучыцца да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі прымаў удзел у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы быў паранены. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І ступені, «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі, перыядычных выданнях. Лаўрэат прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя І. Мележа. Аўтар больш дзясятка кніг прозы.

IMG_20200622_164020.jpg

IMG_20200622_164532.jpg

***

Іван Навуменка з прыходам акупантаў прыняў удзел у падпольнай барацьбе. У снежні 1943 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Прайшоў франтавымі дарогамі ад Карэльскага перашыйка да Усходняй Прусіі. Пасля вайны працаваў у перыядычных выданнях, выкладаў у БДУ, займаўся навуковай дзейнасцю, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Аўтар шматлікіх зборнікаў прозы. Тэме вайны прысвечана шмат твораў, у тым ліку раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці».

IMG_20200622_163938.jpg

75 гадоў прайшло з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Але раны смыляць дагэтуль. І наш абавязак — памятаць пра мужнасць і высілкі тых, хто здабыў для нас Перамогу, шанаваць іх памяць і берагчы мір. Чалавек нараджаецца, каб жыць!

Галіна Баравіцкая, фота аўтара





С верным другом — и в огонь, и в воду (видео)
Генерал-майор Игорь Голуб: «Мы продолжаем...
Архив выпусков