Шкабарыны. Сям’я патрыётаў

З Уладзімірам Апанасавічам мы суседзі, метрах у трохстах адзін ад аднаго жывём. Праўда, на розных вуліцах. Нярэдка і сустрэчы ў нас бываюць. То выпадковыя, на людзях: на рынку, напрыклад, ці ў краме, або яшчэ ў якім іншым месцы, то, як кажуць, з вока на вока.

Сядзім мы аднойчы ў яго кватэры, ён і кажа:

— Хутка дачка Святлана, з якой жывём, з работы прыйдзе, дык весялей будзе. Удваіх мы з ёй засталіся на гэтым свеце. — Потым на хвілінку задумваецца і вымаўляе: — Усё было ў маёй біяграфіі — добрае і дрэннае. Ведаю, што такое сапраўдныя гора і радасць. Цяжкасці і надзея. Яны суправаджалі мяне ўсё жыццё. Столькі нацярпеўся, столькі перажыў…

Тады для мяне стала сапраўдным адкрыццём тое, пра што ён апавядаў. З чатырнаццаці гадоў яму давялося ваяваць з фашыстамі ў падполлі і партызанах, а ў шаснаццаць — мець гонар удзельнічаць у партызанскім парадзе ў Віцебску. Расказаў ён і пра тое, што гітлераўцы расстралялі яго бацьку Апанаса Гурынавіча, і маці, Васілісу Цітаўну, што заўчасна пайшлi з жыцця яго любімыя жонка Надзея Раманаўна і сын Віктар.

Калi я паспрабаваў тады тактоўна ўдакладніць, пры якіх абставінах усё гэта адбывалася, Уладзімір Апанасавіч адказваў без асаблівай ахвоты. I зразумеў я, што цяжкія ўспаміны балючай стрэмкай упіліся ў яго сэрца, таму і адклаў тыя пытанні на потым.

І вось наступіў час, калі можна было весці гутарку. Уладзімір Апанасавіч паклаў перада мной некалькі пасляваенных здымкаў, пажаўцелую копію газеты «Советская Белоруссия» за жнівень 1972 года і ціхім голасам стаў апавядаць.

Вайна застала сям’ю Шкабарыных у пасёлку Высокае Аршанскага раёна, куды яны пераехалі з Гомельшчыны ў пачатку 1930‑х. Райцэнтр быў захоплены фашыстамі 16 ліпеня 1941 года, і ў гэты ж самы дзень на адной з раней падрыхтаваных баз у пасёлку Асінторф сабралася частка тых, хто быў пакінуты для падпольнай работы. Цэнтр па арганізацыі і кіраўніцтву ёю ўзначалілі дырэктар Смальянскай МТС Лявон Анкіновіч, былы інструктар райкама КПБ Аляксандр Скаварада і сакратар партарганізацыі Высокаўскага спіртзавода Апанас Шкабарын. Першы застаўся кіраваць падполлем у сельскай мясцовасці, а двое апошніх — у горадзе.

Шкабарины Афанасий Гуринович и Василиса Титовна.jpg

Да канца першага года вайны на Аршаншчыне дзейнічала ўжо больш дваццаці падпольных груп. Патрыёты заклікалі насельніцтва да барацьбы з ворагам, распаўсюджвалі антыфашысцкія лістоўкі, паведамлялі людзям навіны Саўінфармбюро, учынялі дыверсіі. Так, быў узарваны мост праз Дняпро, пабудаваны немцамі для пераправы вайсковых часцей, на цэлыя суткі паралізаваны рух цягнікоў на лініі Мінск — Масква.

— Пра гэта і многае іншае, — апавядаў суразмоўца, — мне стала вядома, калі пасля вайны ездзіў у Оршу на сустрэчы з братамі па зброі, якія ўцалелі ад варожай расправы, і прачытаў вялікі матэрыял Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ у вышэйназванай газеце. Дарэчы, там упамінаецца данясенне тайнай паліцыі з Оршы ў Берлін пра майго бацьку.

Чытаю: «У ходзе праверкі кола знаёмых Канстанціна Заслонава было высветлена, што апошні яшчэ з даўніх часоў падтрымліваў сяброўскія адносіны з Апанасам Шкабарыным і Аляксандрам Скаварадой. Абодва яны арыштаваны. Абодва з’яўляюцца адказнымі работнікамі».

2 мая 1942 года іх і яшчэ некалькіх падпольшчыкаў па даносу нашай суседкі, цешчы паліцая, расстралялі ў турэмным двары пасля катаванняў, так і не дабіўшыся, каб яны назвалі прозвішчы іншых удзельнікаў супраціўлення. Ледзьве жывыя, яны ўсё ж знайшлі ў сабе сілы, каб праспяваць «Інтэрнацыянал».

Уладзімір Апанасавіч надоўга замоўк, прайшоўся па пакоі і працягваў:

DSC_0953.jpg

— Увесь той час маці, я і мой малодшы брат Пеця знаходзіліся ў Оршы, куды нас з Высокага перавёз бацька, уладкаваўшыся працаваць мулярам у адну з нямецкіх падсобных гаспадарак. Ён і ўцягнуў мяне ў падпольную работу, пазнаёміўшы з кіраўніком разведвальнай групы Канстанцінам Дудчанкам. Групу ў Оршу ў складзе пяці чалавек закінулі на самалёце з Вялікай зямлі. Гэты чалавек добра ведаў і бацьку, і іншых партыйцаў Аршаншчыны, бо да вайны працаваў у гэтым райцэнтры.

I тут Уладзімір Апанасавіч звярнуў маю ўвагу на дзве фотакарткі. На адной з іх Канстанцін Дудчанка з аўтографам — «Валодзю Шкабарыну. Сябру па сумеснай барацьбе з фашызмам у 1942 годзе». На другой — ён і яго жонка, Уладзімір Шкабарын у тыя ж пасляваенныя сямідзясятыя гады.

Былы шасцікласнік-піянер Валодзя стаў сувязным Канстанціна Дудчанкі, выконваў самыя розныя даручэнні. Збіраў інфармацыю пра месцы знаходжання вайсковых часцей ворага, складоў паліва, нямецкіх і паліцэйскіх пастоў, падлічваў колькасць самалётаў, якія бралі курс на Маскву, і г. д. Усё гэта радыстка перадавала куды трэба. Шкабарын сустракаўся ў людных месцах з канкрэтнымі таварышамі, перадаваў пропускі і нямецкія маркі, якімі яго забяспечваў адзін з работнікаў камендатуры. Даручэнні (дастаўка, напрыклад, па названых адрасах замаскіраваных пад кавалкі каменнага вугалю мін) былі вельмі рызыкоўнымі. Тыя міны вырабляліся на чыгунцы, дзе працаваў начальнікам рускіх паравозных брыгад славуты Канстанцін Заслонаў, які, вядома ж, кантактаваў з кіраўнікамі гарадскога падполля Аляксандрам Скаварадой і Апанасам Шкабарыным, па загаду каторых чыгуначнікі забяспечваліся толам і іншымі матэрыяламi.

Адным словам, падпольшчыкі і партызаны не давалі ворагу ні хвіліны спакою. Яны ўчынялі дыверсіі на чыгунцы, пускалі пад адхон эшалоны з ваеннай тэхнікай і вайскоўцамі, знішчалі гітлераўцаў. А калі патрыёты перадалі на Вялікую зямлю звесткі пра размяшчэнне важнейшых ваенных камунікацый ворага і савецкія самалёты абрынулі на іх бомбы, вораг ад шаленства ўчыніў такі тэрор у горадзе, што ў ім цяжка было ацалець.

І хаця Валодзя заўсёды дзейнічаў асцярожна, але і ён ледзь не трапіў у лапы фашыстаў. Яму тады проста пашанцавала. А было гэта так. Маці падлетка ўбачыла праз акно, што да іх у хату ідзе перакладчыца камендатуры, якая да вайны працавала ў школе настаўніцай нямецкай мовы. Яна папярэдзіла Валодзю: «На цябе і тваіх знаёмых паступіў данос. Не губляй ні хвіліны. Заўтра будзе позна». Шкабарын тут жа паляцеў да Канстанціна Дудчанкі і праз некалькі гадзін разам з членамі разведгрупы апынуўся ў лесе, дзе ўжо знаходзіўся і Канстанцін Заслонаў.

Валодзя спачатку трапіў не ў яго атрад, а ў атрад імя К. Варашылава, камандзір якога пасылаў хлопца з рознымі заданнямі то ў Багушэўск, то ў Оршу, то ў Віцебск. Аднойчы прыняў удзел у першым для яго баі ў якасці другога нумара кулямётнага разліку. Партызаны так замаскіраваліся тады за балотцам і такі агонь адкрылі па ворагу, што акупанты пачалі адступаць. А там, наперадзе, іх сустрэлі заслонаўцы. У паніцы вораг страціў многа салдат. У тым баі Шкабарын здабыў сабе бельгійскі карабін з 15 патронамі. Пасля ваяваў ужо з нямецкім, а затым з рускім карабінам.

У баявых аперацыях на Віцебшчыне, Смаленшчыне, у тым ліку і пры падрыве варожых эшалонаў, ён дзейнічаў нароўні з дарослымі, і камандзір атрада нярэдка ставіў яго ў прыклад. Калі ж атрад імя К. Варашылава ўвайшоў у брыгаду Заслонава, да Валодзі дайшлі весткі пра смерць маці, якую ў 1943 годзе выдала тая ж самая правакатар-суседка, цешча паліцая. Толькі пасля вайны на сустрэчы з баявымі таварышамі Валодзя даведаўся, што маці таксама з’яўлялася членам падпольнай групы.

Незайздросны лёс быў і ў брата Валодзі — Пеці. Спачатку ён апынуўся ў дзіцячым доме, дзе захварэў на тыф. Яго забралі да сябе знаёмыя бацькоў, паставілі на ногі. Але і там немцы знайшлі яго, прымусілі падлетка капаць акопы і траншэі, рыхтаваць іншыя абарончыя ўмацаванні. Гэта было як у Беларусі, так і ў Прыбалтыцы, а затым і ў Германіі, адкуль ён і вярнуўся на радзіму. Тут скончыў рамеснае вучылішча, адслужыў у арміі, працаваў у Архангельску, на востраве Шпіцберген, а зараз жыве на Луганшчыне.

Аднойчы да заслонаўцаў з Вялікай зямлі прыляцелі тры самалёты з харчаваннем, медпрэпаратамі і зброяй. Яны павінны былі забраць параненых і Валодзю — на вучобу. Ён быў тады на пасту і не паспеў дабегчы да «Дугласа», бо той ужо ўзняўся ў неба.

— Самы цяжкі час у мяне быў, — гаворыць ветэран, — калі карнікі загналі некалькі атрадаў партызан у балота і два тыдні бамбілі яго і палівалі мінамётным агнём. У нас скончыліся запасы ежы. Спрабавалі есці кару дрэў, кустоўя, траву, нават аваднёў. Немцы ў гумавых касцюмах і з аўчаркамі прачэсвалі балота. Многія тады загінулі. А мне і майму ўзводнаму Пятру Паніну ўдалося забрацца ў норы, што ўтварыліся сярод падмытых каранёў вольхаў, прыкрыцца збітымі мінаметамі вершалінамі дрэў і такі чынам уратавацца.

Пасля партызанскага парада ў Віцебску Уладзімір Апанасавіч наведаўся ў адпаведную установу і назваў прозвішча правакатаркі, якая рабіла даносы на патрыётаў. А там сказалі: «Яна ўжо ў нашых руках».

Доўгі час пасля вайны Уладзі­мір Шкабарын працаваў на Гомельскім станкабудаўнічым заводзе імя Кірава. Да яго ваеннай узнагароды, медаля «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» II ступені, далучылася мірная ўзнагарода — ордэн Леніна. Як наватар вытворчасці ён быў адзначаны высокім званнем «Заслужаны работнік прамысловасці Беларускай ССР».

Уладзімір Пернікаў, фота з архіва Уладзіміра Шкабарына

Наташа Онищук — первая!
Страшный сон, который снится всю жизнь
Архив выпусков