Вандроўка ў горад над Сожам

Цёплым сонечным ранкам члены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў органаў ваеннага кіравання і арганізацый Узброеных Сіл горада Мінска адправіліся ў падарожжа на поўдзень краіны, на Гомельшчыну. Гэта стала магчымым дзякуючы старанням ідэйнага натхняльніка і арганізатара вандроўкі — старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Віктара Дмітранка.

IMG_20190608_121849.jpg

Шлях быў няблізкі, ад Мінска да Гомеля больш за 300 кіламетраў. Дзякуючы цікаваму аповеду суправаджаючага групу гіда час ляцеў непрыкметна.

Вось за вокнамі мільгнула блакітная стужка Беразіны, на беразе якой размясціўся горад Бабруйск. Гэты горад таксама мае ўнікальную гісторыю, да нашых часоў засталіся муры крэпасці. Функцыянуе краязнаўчы музей. Па колькасці насельніцтва Бабруйск займае сёмую пазіцыю ў краіне.

Вока сталічных жыхароў ужо прывыкла да стромкіх новабудаў са шкла і металу, каменных джунгляў, таму лашчылі позірк спакойныя, не запруджаныя транспартам вуліцы горада, будынкі, акружаныя шапкамі дрэў.

Бабруйск знаходзіцца якраз пасярэдзіне дарогі з Мінска на Гомель, і гэта азначала, што палова шляху пераадолена.

І вось мы наблізіліся да горада, што раскінуўся на высокім беразе шыракаплыннага Сожа. Гомель — буйны прамысловы цэнтр, па колькасці насельніцтва ён займае другое месца пасля сталіцы. Адпаведна, ён з’яўляецца буйным транспартным вузлом. Годам заснавання лічыцца 1142-гi, аднак археалагічныя даследванні сведчаць, што горад мае больш даўнюю гісторыю. Лічыцца, што заснавалі паселішча радзімічы. На завяршэнні Кіеўскага спуску стаіць помнік заснавальніку паселішча.

IMG_20190608_171838.jpg

Улюбёным месцам шпацыру ў гараджан стала ўзбярэжная Сожа, якая мае працягласць два з паловай кіламетры. На гэтым беразе размяшчаецца і рачны вакзал. Супрацьлеглы бок ракі больш палогі, пясчаны. У дзень нашага наведвання там было шматлюдна: хто прымаў сонечныя ванны, хто лавіў рыбу, хто смажыў шашлык…

Перлінай горада, безумоўна, з’яўляецца палацава-паркавы комплекс, які і стаў асноўным аб’ектам нашага наведвання. У межах цудоўнага парка размяшчаецца палац, Петрапаўлаўскі сабор, крыпта, аранжэрэя, назіральная вежа, філіял Веткаўскага музея народнай творчасці, забаўляльны комплекс.

Палац Румянцавых-Паскевічаў быў пабудаваны ў канцы ХVIII cтагоддзя, з’яўляецца помнікам неакласіцызму. Кожны пакой будынка меў сваю канцэпцыю і адпаведнае афармленне: «залатая зала», «белая гасціная», «чырвоная гасціная»… Палац быў моцна пашкоджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны, у савецкі час тут размяшчаліся музей і Дом піянераў. Пасля рэстаўрацыі ў будынку функцыянуе выключна музей.

Уражвае веліччу двухпавярховая калонная зала, у якую трапляюць наведвальнікі палаца, зрабіўшы ад уваходу лiтаральна некалькі крокаў: 16 калон карынфскага ордэру падтрымліваюць сферу купала. У нішах размешчаны скульптуры — алегорыі пор года: вясна, лета, восень, зіма. Другі паверх упрыгожваюць мармуровыя балюстрады. У цёплую пару года дзверы насупраць уваходу адчыняюцца, і можна патрапіць на паўкруглую веранду.

Дзверы з калоннай залы вядуць у залы, якія ў свой час мелі пэўнае прызначэнне і назву. Напрыклад, у залу, якая калісьці называлася залатой, а зараз выконвае функцыі залы паседжанняў, у ёй размяшчаецца галерэя партрэтаў знакамітых людзей Гомельшчыны.

IMG_20190608_141735.jpg

У «белай гасцінай» зараз праходзяць канцэрты, сустрэчы. «Чырвоная гасціная» выкарыстоўвалася для музыцыравання, і зараз там знаходзіцца раяль. У памяшканні, дзе ў свой час дзейнічала дамавая царква, зараз экспануюцца культавыя прадметы, клады, знойдзеныя на тэрыторыі Гомельшчыны.

Уразіла памяшканне, дзе месціцца бібліятэка. Высокія стэлажы, скураныя фаліянты з залатым цісненнем… Зразумела, што ў перыпетыях часу ацалела не ўсё. Але і тое, што зараз знаходзіцца ў фондах, з’яўляецца вельмі каштоўным скарбам. Перыядычна тут ладзяцца тэматычныя выставы.

Пакідалі музей з пачуццём павагі да майстэрства продкаў, бо ўбачаныя прадметы матэрыяльнай культуры сведчаць пра высокі прафесіяналізм майстроў, індывідуальнасць. А гэта так каштоўна зараз, у часы маскультуры.

Наступным пунктам вандроўкі была крыпта, дзе знайшлі апошні прытулак прадстаўнікі роду Паскевічаў. Адна з нямногіх, што захаваліся ў Еўропе да нашага часу. Для яе будоўлі выкарыстоўваўся мясцовы будаўнічы матэрыял. Сама крыпта ў плане ўяўляе сабой тунэль. Звонку гэта — будынак у псеўдарускім стылі, багата ўпрыгожаны дэкорам. Асобна размяшчаецца непасрэдна ўваход. На жаль, крыпта таксама пацярпела ў часы ліхалеццяў ад рабаўнікоў, некаторыя элементы афармлення зніклі або пашкоджаны. Помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя.

У праграме значыўся яшчэ адзін пункт — прагулка па рацэ Сож. Трэба адзначыць, што рачны брыз пасля спёкі ўспрымаўся вельмі пазітыўна. Белапенныя хвалі, водны прастор ракі лашчылі вока. Атрымаць асалоду жадалі не толькі мы — на воднай гладзі сустрэліся і водныя матацыклы, і лодкі, і паруснікі…

IMG_20190608_151643_HDR.jpg

Фінальным акордам знаёмства з Гомелем быў шпацыр па цэнтральнай вуліцы, што прывяла ў парк, дзе на невялічкай тэрыторыі змясціліся архітэктурныя помнікі свету: егіпецкія піраміды, Пізанская вежа, Брэсцкая крэпасць… А ў фантане, што знаходзіўся побач, бавілася дзетвара. Шчаслівыя моманты бесклапотнага дзяцінства!

Час праляцеў незаўважна, нам трэба было рушыць у зваротны шлях. І дзіва: толькі мы занялі месцы ў аўтобусе і накіраваліся на выезд з горада, як па шкле застукалі буйныя кроплі дажджу. Як божае благаслаўленне на добрую дарогу дамоў…

IMG_20190608_144921.jpg

Галіна Баравіцкая, фота аўтара

«Изюминки» «Славянского базара в Витебске»
Информация о наличии жилых помещений...
Архив выпусков